Жыццё і творчасць Рыгора Барадуліна

Тип работы:
Реферат
Предмет:
Литературоведение


Узнать стоимость новой

Детальная информация о работе

Выдержка из работы

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ «ЮРЫДЫЧНЫ КАЛЕДЖ БЕЛАРУСКАГА

Кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін

ДЗЯРЖАЎНАГА ЎНІВЕРСІТЭТА"

Рэферат

Жыццё і творчасць Рыгора Барадуліна

Выканала: навучэнка

2 курса 392 группы

Галавенчык Марына Генадзьеўна

Мінск 2013

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ

ГЛАВА 1. Жыццёвы і творчы шлях паэта

ГЛАВА 2. Асноўныя матывы творчасці

ГЛАВА 3. Рыгор Барадулін — майстар-ювелір слова

ЗАКЛЮЧЭННЕ

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

УВОДЗІНЫ

Нішто так не ўзвышае чалавека, як праца. Чалавечая праца — вечны рухавік жыцця. Ён ні на хвіліну не можа спыніцца. Спыніцца — і перастане існаваць жыццё. А існаваць яно павінна вечна. Таму ў вечным руху, у вечнай працы ўсё жывое. Жывы той чалавек, які працуе. А калі праца ідзе ад сэрца, калі гэта крык душы, калі твой занятак зліваецца з кроўнай першазадачай нацыі, з праблемамі яе Адраджэння яшчэ на адным эпахальным колазвароце веку (усталяванне дзяржаўнай незалежнасці, вяртанне да гістарычнай памяці, да «нерушы» мовы), калі яна набывае магічную сілу ўздзеяння, то такі чалавек па-сапраўднаму шчаслівы. І будзе шчаслівым народ, які мае такога сына-працаўніка.

Больш паўвека, шэсцьдзесят гадоў, служыць свайму народу, сваёй Бацькаўшчыне, сваёй Ушаччыне Рыгор Барадулін.

Талент Рыгора Барадуліна — адзін з самых значных і самабытных у сучаснай беларускай паэзіі. Рыгор Барадулін — паэт-лірык, ліра-эпік, ліра-сатырык, востры публіцыст, эсэіст, дасведчанны крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. У графе «прафесія» ён звычайна ставіць «літаратар». Гэта яго прызванне, яго жыццё, яго лёс. Па спосабу светаўспрымання, спосабу бачыць з’явы і рэчы ён — паэт. Гэта яго сацыяльная, грамадская, асабістая функцыя, яго натура. Ад «сонца» у крыві, ад улюбёнасці ў родную зямлю і родную мову, ад яснага ўсведамлення свайго дачынення да натуры, стыхіі, быцця. Ён не ўмее не жыць вершам, не ўбачыць паэтычны вобраз у любым выяўленні сутнага. Лёс Барадуліна, як і лёс кожнага паэта, абумоўлены сацыяльнымі карэннямі, часам, яго асабістай біяграфіяй. Тым часам, у якім жыве паэт, і тым, што існуе ў гістарычнай памяці народа. І яшчэ ў тым трэцім вымярэнні, у прасторы і часе душы, дзе адыходзіць на другі план падзейнае, фактаграфічнае, а ўзбуйняецца ў паэтычным усведамленні спрадвечнае.

Мэта работы — прааналізавць жыццёвы і творчы шлях Рыгора Барадуліна, асноўныя матывы яго творчасці, выкарыстанне мастацкіх сродкаў у яго творчасці.

Аб’ект даследавання — паэтычныя творы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Прадмет даследавання — тэматыка, асноўныя вобразы і матывы яго творчасці.

барадулін паэзія мастацкі беларусь

ГЛАВА 1. ЖЫЦЦЁВЫ І ТВОРЧЫ ШЛЯХ ПАЭТА

Ты прыйшоў з вайны і гора, Ты — з малітвы, Ты з разгневанага бору, Ты смалісты. Сто паэтаў цягнуць хорам, Ты салістам. Ты нібы святло ў лесе Ад каліны, Ты ад самай добрай песні - Ад Куліны.

Пімен Панчанка, «Паходжанне майго друга Рыгора Б.» [5,с. 175]

Нарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін на хутары Верасоўка ў сям'і рабочага 24 лютага 1935 года на страражытна-слыннай Полаччыне, у лясной Ушаччыне. Верасоўка. Верасовачка… Сапраўды мілагучная назва той мясціны, дзе паэт нарадзіўся, дзе пачуў матчыну песню, матчыну мову, дзе ўпершыню пераступіў парог матчынай хаты. Адсюль, з ушацкага прыстанку, была ўзята пуцёўка на вучобу ў Мінск, на далёкія цалінныя землі, на працу, на жыццё.

Вайна цяжкімі вогненна-трагічнымі зломамі ўвайшла ў лёс Барадуліна. Бацька Іван Рыгоравіч партызаніў у брыгадзе Мельнікава, загінуў у баі. Маці Акуліне Андрэеўне вайна пакінула ўдовіна гора, цяжар нястач, а падлетку Грышку — незагойны боль сіроцтва. Душыла яго малества нішчымніца, бясхлебіца. У сярэдняй школе запаланіла паэзія — памяць схоплівала і трымала ўсё, да чаго ляжала душа. Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1954 — 1959) пачынае публікавацца; пасля заканчэння БДУ працаваў у рэдакцыях газеты «Советская Белоруссия», часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя». З 1972 г. працуе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Выступае ў друку з 1953 года. Выдаў зборнікі паэзіі «Маладзік над стэпам» у 1959 пасля паездкі разам з аднакурснікамі на збор ураджаю ў Кустанайскую вобласць, «Рунець, красаваць, налівацца» (1961), «Нагбом» (1963), «Неруш"(1966), «Адам і Ева» (1968), «Вяртанне ў першы снег» (1972), «Рум» (1974), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Евангелле ад Мамы» (1995), творы сатыры і гумару і інш. Рыгор Барадулін — член Партыі БНФ, член Сойма БНФ (з 1989). У 1995--1997 быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса. Ён дзейны член СБП, адзін са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру (1989--1999, прэзідэнт з 1990, віцэ-прэзідэнт з 1999).

ГЛАВА 2. АСНОЎНЫЯ МАТЫВЫ ТВОРЧАСЦІ

Барадулінская паэзія запомнілася адразу многім жывымі імгненнямі, адкрытасцю эмоцый, і да таго ж насцярожыла многіх. Тым больш, што пачынаў ён у канцы 50 — пачатку 60 — х гадоў, калі такі грамадскі рэзананс мела паэзія адкрытага дыскусійна-публіцыстычнага ўхілу, найбольш ярка і выразна прадстаўленая, можа, у вершах Еўтушэнкі. У Рыгора Барадуліна ёсць тэмы і праблемы, якія сталі хваляваць яго толькі апошнія гады, ёсць такія, што былі яму асабліва блізкія нейкі час, ёсць і такія, што хвалююць яго ўвесь час, прасякаюць усю яго творчасць. Радзіма, мова, маці - ад «Маладзіка над стэпам», першага яго зборніка, да «Евангелля ад мамы», апошняга па часе напісання, — абавязкова прысутнічаюць у творчай памяці паэта. Як непадзельнае трыадзінства ўяўляе гэтыя самыя дарагія для яго паняцці Рыгор Барадулін. Яго першы зборнік «Маладзік над стэпам» выявіў незвычайную душэўную шчодрасць і прыгажосць лірычнага героя. Яшчэ у першых вершах гэтага зборніка аўтар паказаў уменне адкрыць эстэтычную каштоўнасць бытавой дэталі, падрабязнасці, розныя грані біяграфіі свайго лірычнага героя. Элементы рацыянальнасці ў мастацкай сістэме Барадуліна зведзены да мінімуму. Барадулін, калі сказаць словамі Блока, — лірык па светапогляду, па светаадчуванню, па вельмі асабіста-эмацыянальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці, што ўласціва далека не кожнаму. Паэтычны вобраз яго — амаль адзіная форма існавання яго думкі і перажывання.

З імем Барадуліна ў беларускай паэзіі звязаны рэдкасны дар асабліва эмацыянальна, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет. Ягоны творчы шлях — пры ўсей неадналінейнасці развіцця — з’яўляецца падцвярджэннем таго, што рост творчых магчымасцей паэта непасрэдна звязаны з росквітам і ўзбагачэннем яго асобы. Добра памятаецца нізка вершаў «Вечар над Таболам» (якая ўвайшла ў першы зборнік) — маладая свежасць пачуццяў, радасць калектыўнай працы, камсамольскі энтузіязм, якія так поўна і непасрэдна выявіліся ў гэтым «цалінным цыкле».

Перачытваючы яго сёння, бачыш, што ў светаўспрыманні паэта пераважаў калектыўны пачатак, як быццам бы паэтычнае «я» аўтара «раствараецца ў масе», у калектыве студэнтаў, што працавалі ў цалінным саўгасе. З цягам часу ўсё часцей і часцей на першы план у вершах паэта выступае паўнакроўнае і шматтзначнае «я» ў непаўторнасці індывідуальнага быцця. Некаторым крытыкам падалося, што пасля «Маладзіка над стэпам» малады паэт сцішыў сваю хаду. Не, гэта не так. Сёння добра відаць, што і другі зборнік «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961) быў крокам наперад. У гэтым пераконвалі вершы «Трэба дома бываць часцей», «Палата мінёраў», той жа «Вятрак» і інш. Развіццё паэта — ад кнігі да кнігі - ішло натуральным чынам. Пабольшвалася матываў роздуму, радок стаў інтанацыйна больш свабодным, гнуткім. Сакавітасць, рэчыўнасць пісьма, якія з’явіліся ў першым зборніку, цягнуцца тонкай ніткай праз ўсю творчасць паэта. Тэма Радзімы гучыць шматстайна, напорыста; эмоцыі ўзбагачаюцца ідэйна і душэўна. На грунце свайго, асабістага вопыту паэт выходзіць на шырокія абагульненні. Верш паэта ўсё больш і больш паглыбляе свой ідэйна-маральны змест, становіцца з’явай грамадскай свядомасці. Трэцяя кніга мела характэрна барадулінскае найменне — «Нагбом». І. Шклярэўскі ў адным з артыкулаў пра Барадуліна тлумачыў: «Нагбом» — гэта калі бярэш у рукі заледзянелае вядро і п’еш з яго, здзьмухваючы звонкія ільдзінкі і леташняе лісце". Нагбом — метафара ўсёй барадулінскай паэзіі з яе свежасцю і першанароднасцю фарбаў. Паэзія Барадуліна пастаянна ўзбагачаецца новымі сродкамі выразнасці, імкнецца да свежых мастацкіх форм, здольных ярчэй, эмацыянальней выявіць унутраны сэнс падзей, светаадчуванне сучасніка. У кнізе «Нагбом» узмацнілася імкненне да большай маштабнасці ўспрыняцця рэчаіснасці: «Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў, услед за сонцам доўга мне брысці».

Барадулінская паэзія паглыбляе разуменне духоўных каштоўнасцей чалавека — узнікае вобраз маці. Яе вобраз упершыню ўзнікае ў цыкле вершаў «Трыпціх», у якім аўтар расказаў пра родную зямлю і яе працавітых гераічных людзей. «Трыпціх» — гэта асэнсаванне свайго роду, прыналежнасці да роднай зямлі.

Ад бацькі свайго ў радню Я атрымаў з дзяцінства Шырокую даланю — Тапарышча любое сцісну! [2,c. 186]

Паэт звяртаецца да такіх дэталей, падрабязнасцей, якія знаходзяць для сябе ў запасніках нашай памяці, індывідуальным жыццёвым вопыце вельмі спрыяльную глебу. Мы суперажываем разам з паэтам; вобраз пашыраецца, вырастае, кранаючы ўсё новыя бакі нашага светаадчування. Адна за другой выходзяць кнігі: «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), «Вяртанне ў першы снег» (1972) і іншыя. Паэт, расказваючы пра сябе і сваё пакаленне, здолеў шырока адлюстраваць прыгажосць Радзімы і роднай прыроды, паказаць вялікую чалавечнасць і гераізм савецкіх людзей, веліч іх подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне і пафас стваральнай дзейнасці, дружбу народаў. У паэзіі Барадуліна знаходзім вострае адчуванне роднага дома, радзімы, прыроды, мовы, гісторыі. Яго паэтычнае майстэрства надзвычай высокае: багацце мовы, шматстайнасць вобразна-стылёвых сродкаў, своеасаблівы псіхалагізм дапамагаюць дакладнаму і паўнакроўнаму выяўленню жыцця.

Плённа развіваецца інтымная лірыка, даючы прастор чалавечай пяшчоце, багаццю пачуццяў, асабістасці. Паэт пераканаўча паказвае, што пачуццё кахання дапамагае чалавеку глыбей і паўней адчуваць свет, прыгажосць яго аб’ектыўнай рэальнасці. Інтымная лірыка пашырае сваю «зямную» аснову, эстэтэзуе не толькі высокі духоўны пачатак, але і здаровую рэчыўнасць.

Пашыраецца сацыяльны аспект яго творчасці. Асоба, яе ўнутраны свет і свядомасць — вось што кранае паэта. Яго цікавяць духоўныя патэнцыі чалавека, права на індывідуальнасць, самастойнасць выбару і рашэнняў.

Прыйшла сталасць. У яго паэзіі назіраецца не толькі больш адкрытасці, шчырасці (гэтага заўсёды хапала), але і імкненне да паглыблення набытага жыццёвага вопыту. Р. Барадулін прадстае перад чытачом — у кнігах «Лінія перамены дат», «Вяртанне ў першы снег» і іншых — рэальнай, нявыдуманнай асобай свайго героя, які перажыў жах фашысцкіх блакад, бачыў і гнеў, і высакароднасць душы народа, гераізм сваіх бацькоў, братоў і сясцёр. Для яго паэзіі становіцца характэрным матыў вечнага чакання тых, хто не вярнуўся з вайны — бацькоў, мужоў, сясцёр і братоў.

Шырокі рэзананс набывае паэма «Блакада» (1968), прысвечаная светлай памяці бацькі Івана Рыгоравіча, якая была напісана ў родным горадзе — ва Ушачах. Удалай аказалася паэма «Вяртанне ў першы снег» (1971), у якой паэт ізноў прыгадвае маленства, першыя ўражанні дзяцінства, юнацтва і маладосць. Але гэтай паэме ўжо бракуе той эпічнай грунтоўнасці, што была ўласціва знакамітай «Блакаддзе»…

Р. Барадулін адносіцца да паэтаў надзвычай эмацыянальных. Новыя кнігі вершаў - «Рум» (1974), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980) — пацвяржае гэту прыродную своеасаблівасць яго таленту, яго паэтычную канцэпцыю. У яго паэзіі па-ранейшаму шмат непасрэднасці жыццёвых «ліўняў», матэрыяльнасці быцця, жывых аўтабіяграфічных фактаў. І цяпер асабліва цяплее голас паэта, калі ён дакранаецца сваім талентам да блакіту азёр, зелені бароў і лугоў роднай Ушаччыны, калі любуецца і захапляецца добрымі справамі сваіх землякоў. Так, ён не адмаўляецца ад традыцыйнай сваёй паэтыкі - умення прадметна і шматфарбна ўспрымаць навакольны свет. Аднак сёння ўменне гэтае ўсё часцей падпарадкоўваецца задачам пранікнення ў новыя «абсягі» рэчаіснасці і духоўнага свету чалавека, выхаду на больш мастацкі ўзровень мастацкага абагульнення. Сённяшнія творы паэта ў большай ступені пазначаны рысамі ў думлівасці і развагі.

Зборнік «Рум» разам з перакладам выбранай лірыкі Ф. Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» ў 1976 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы. Новыя рысы набывае паэтыка. У кнізе «Абсяг» пейзажы і краявіды будуюцца з адчуваннем унутранай перспектывы, шматпланавасці, з праекцыяй на духоўнае жыццё. Паэтычнае перажыванне набывае новы аб’ём і глыбіню. Якраз у пашырэнні асацыятыўнага кола душэўных адценняў бачыцца ўзбагачэнне рэалізму лірыкі Барадуліна. За прадметамі і праявамі жыцця ён хоча ўлавіць другі і трэці іх план, спасцігнуць іх неадназначнасць і філасофскую сутнасць.

Жыццёвы і дзейны мастацкі вопыт паэта адлюстраваўся ў «Баладзе Брэсцкай крэпасці» (адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі). Гэта — паэма, якая асэнсоўвае подзвіг абаронцаў Брэсцкай цытадэлі з вышыні сучаснасці.

Паэт ідзе ў гісторыю, яму дапамагае багатае асацыятыўнае мысленне. Здаецца, што яму ўсё падуладна. «Дзён сівое прадзіва ніткаю суроваю на сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае». Вершы Барадуліна адкрываюць нам нешта надзвычай істотнае, важнае ў маральным абліччы самога паэта і яго пакалення. Духоўныя крытэрыі суровага ваеннага і пасляваеннага часу для яго жывыя і актуальныя і сёння, нездарма ён патрабуе «так адзін аднаго паважаць, як пасля вайны паважалі!». З гэтым пэўным чынам звязаны паказальны для сённяшняга Барадуліна матыў самааналізу і пераацэнкі каштоўнасцей: «Куды ж так імчаўся на злом галавы, каго я гукаў і шукаў?». Паэта ўсё больш пачынае займаць тэма ўзросту, часу, чалавечай адказнасці за пражыты век.

Яго паэзія развіваецца ў бок шматмернага, аб’ёмнага паказу жыцця.

Яе рост непарыўна звязаны з ростам асобы, яе духоўным светам, стваральнай памяццю. «Вечалле» — так назваў сваю кнігу Барадулін, зачапіўшы цэлае «гняздоўе» слоў: вечалле — веча — вечар — вечнасць… Паэзія, на яго думку, заклікана вярнуць асобе разуменне ўсеабдымнасці яе быцця, паказаць, на якой тоўшчы часу стаіць сённяшні чалавек.

Думка і пластыка — два крылы верша. Барадулін ведае: абодва яны павінны быць моцнымі, надзейнымі, калі паэт усур’ёз хоча спасцігнуць складаны свет чалавека. Пластычныя рашэнні ў яго надзвычай дакладныя, ёмістыя па сэнсу.

Здзіўляе паэтычнае майстэрства рыфмы, гукапісу. Мастацкая форма мысліцца ім як форма змястоўная, пластычна-аб'ёмная.

Рыфмовыя сугуччы напаўняюцца ў яго разнастайнымі асацыяцыямі: кульмінацыя — кулямі нацыя, няшчадна — нашчадкам і г. д.

Р. Барадулін вядомы як майстар дэталі, у якой матэрыялізуецца думка, якая здольна вырастаць да сімволікі.

Жывапіс і пластыка паэта больш і больш насычаюцца філасофска-інтэлектуальным зместам. Разам з тым паглыбляюцца гістарычныя далягляды.

Сучасныя вершы і паэмы Р. Барадуліна сведчаць, што вяртанне да першаснага мастацкага мыслення, да старадаўніх вытокаў і каранёў - істотная рыса сучаснай беларускай паэзіі. Фальклорная спадчына і сёння ўплывае на літаратурны працэс, застаючыся каштоўнай крыніцай ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларускай паэзіі. Сучасны асацыятыўны верш увабраў у сябе народную паэтыку і індывідуаьны вопыт класікаў.

Каб паўней адлюстраваць сучаснасць, ён усё настойлівей і з большай духоўнай патрэбай звяртаецца да фальклору. Барадулін і фальклор — удзячная тэма спецыяльнага даследвання. Гэта сувязь існуе на розных узроўнях. У яго паэзію ўвайшоў народны вобраз лёсу, які наканаваны паэту і які патрабуе вернасці. Пры ўсёй жыватворнасці фальклорнай паэтыкі яна патрабуе індывідуалізацыі і псіхалагізму. Барадулін ставіцца да яе актыўна. Ён пераасэнсоўвае змест фальклорных матываў. Часам паэт вельмі вынаходліва звяртаецца да цытавання народных песень (напрыклад, у вершы «Дробненькі дожджык дый накрапае. «), тактоўна і ўдала спалучаючы асобныя радкі са сваім вершам, стварае прыслоўі і прымаўкі.

Творчасць паэта шматжанравая: лірыка, эпас, сатыра, мастацкі пераклад.

Сатырычныя і гумарыстычныя творы сабраны ў кнігах «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі…» (1977), дзіцячыя — у зборніках «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай, не буду, не хачу» (1971) і іншыя. Пераклаў «Ветрык, вей!» Я. Райніса, паасобныя творы Дж. Байрана, С. Ясеніна, У. Бранеўскага, Э. Межалайціса. Таксама ёсць у Барадуліна вершы, напісаныя на аснове біблейскіх запаветаў іматываў. Яны даюць магчымасць далучыцца да таямніц і скарбаў мудрасці, падштурхоўваюць да роздуму над зменлівасцю і бясконцасцю Сусвету.

Рыгор Барадулін, з’яўляючыся прадаўжальнікам сваіх вядомых папярэднікаў, светачаў нашаг Адраджэння Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, М. Багдановіча, знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку, у пошуку новых адкрыццяў. Ён ідзе ў нагу са сваім часам, чуйна рэагуючы на ўсе праявы грамадскага жыцця. Творы яго, захоўвачы сакавітую і найлагоднейшую матчыну мову, вучаць высокай праўдзе, справядлівасці, дабру і чалавечнасці.

ГЛАВА 3. РЫГОР БАРАДУЛІН — МАЙСТАР-ЮВЕЛІР СЛОВА

Словатворчасць — асобная тэма ў дачыненні да яго паэзіі. Нават наватворы гучаць у Барадуліна зусім па-народнаму і добра ажыўляюць мову.

Словатворчасць для Р. Барадуліна вельмі характэрна: лацно, погарбы, харашба, галута, парух, прысмеркі, імасць, чалавека-земляня — гэтыя і іншыя словы ўзяты паэтам з дыялектнай мовы або створаны ім самім. А дзеясловы і прыметнікі: славянніца, галініцца, антэніцца, ратоўчы, стахлая… Любіць ён карыстацца прыслоўямі, іх у яго безліч, і ўсе карыстаецца крамяныя, свежыя: калодна, вульна, прадонна, прыплодна, ліхвярна, борна, азёрна і г. д. Думаецца, што намаганні паэта ў галіне моватворчасці плённыя, яны супадаюць з агульным рэчышчам духоўнай дзейнасці народа як моватворцы.

Рыгор Барадулін — Паэт ад Бога, таму, напэўна, адчувае сябе свабодна і раскавана. Ён — майстар-ювелір слова, які граніць радок, стварае ўражанне віртуознай лёгкасці пісьма. Яму, быццам чараўніку, падуладныя словы, гук фарба. Свет паэзіі Барадуліна асобны, шырокі і высокі, маляўнічы і шматгалосы. У чым сакрэт яго паэтычнага майстэрства? Чаму прачытанае ў Барадуліна асядае ў памяці, становіцца, нібы як тваё асабістае?. Уменне трапна і своеасабліва мысліць мастацкімі вобразамі, дакладнасць і згушчанасць метафарызацыі.

Рыгор Барадулін ашчадна, беражліва збірае, пераплаўляе народныя песні, легенды, паданні, павер'і, прыказкі, прымаўкі, загадкі, вобразы міфалогіі. Яго паэзія — своеасаблівая хрэстаматыя, па якой можна вывучаць фальклор. Народная песня ўваходзіць у яго лірыку разам з вобразам Маці. Ён чуў з дзяцінства, як «расой ішла песня босая». І яна пераканальна увайшла ў яго паэзію, што цяжка адслаіць, паказаць, дзе народная, а дзе яго, паэтава.

Я здыму парчу,

Ножкі абвярчу.

Песню азяблую —

Сагрэць хачу… 1, c. 38]

Песні, што ўплятаюцца арганічна ў яго творы, самыя розныя. Так у паэме «Блакада» песня маці не пяецца, а плачацца. Часта плача душа паэта па родных і блізкіх. Крык адчаю, крык роспачы выліваецца ў галашэнне.

Сіла таленту Барадуліна — у незвычайным багацці метафар. Ён непаўторны ў выкарыстанні параўнанняў:

«Інваліды — асколкі вайны»; [1,c. 278]

«Вянкі цыбулі, як вянкі санетаў». 1, c. 156]

Яму пад сілу самая нечаканая рыфма: пасека-класіка, растрэсена-экспрэсія, Белавеж — белы верш.

Барадулін улюблёны ў слова па-свойму, па-барадулінскі: «ясны ясень», «рабая рабіна», «генцца вяз вязкі».

Ён улюблёны ў найдрабнейшую часцінку мовы — гук.

Барадулін — маціпаклоннік. Вобраз маці ўзведзены ў ранг святых. Чытаючы вершы пра маму, дзівішся: вось як трэба любіць Маці, Радзіму, Мову.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Мы разгледзелі творчы і жыццёвы шлях вялікага беларускага паэта і прыйшлі да высновы: барадулінская паэзія — гэта перш за ўсё паэзія факта. Ён умее быць і легкадумна-гарэзным, і высокаўсхваляваны, і трагічна ўзрушаным. Адчуваецца вялікая эрудыцыя аўтара, глыбокае разуменне жыцця, страснасць натуры. Барадулін бачыць праз сябе. «Лёс да кожнага прыходзіць босы… «[2,c. 143] Ну, а вытокі пашанлівых адносін да слова — ад маці. «Самым чыстым зернем, самым адборным засталіся маміны словы. З іх хлеб для душы мае…» [2,c. 12].І яны ж — ад продкаў, ад вёскі, якая потам і расой здабывае хлеб і якая самім жыццём спасцігае вышэйшую філасофію быцця, якую паэт беражліва ўзяў з матчынай хаты ў жыццёвую дарогу.

Творчасць Рыгора Барадуліна — гэта споведзь душы, споведзь шчырая, гарачая, сыноўняя. Яго лірыка — шчырая размова, паэтычны раздум пра родную краіну, пра волю, пра савіх продкаў, генетычных і гістарычных. Мы адчулі, што паэт імкнецца стварыць свой паэтычны свет; адчулі барадулінскую рыфму, гуказапіс, метафарызм, што з? яўляецца апазнавальным пашпартам асобы паэта.

«Па рыфмах, — кажа Барадулін, — можна вызначыць, на якой мове паэт думае"[3, c. 601]. На прыкладзе сваёй паэзіі ён паказаў невычэрпныя магчымасці роднай мовы. Творы яго, захоўвачы сакавітую і найлагоднейшую матчыну мову, вучаць высокай праўдзе, справядлівасці, дабру і чалавечнасці.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

1. Барадулін, Р. Свята пчалы: выбраныя вершы і паэмы / Р. Барадулін. — Мінск: Маст. літ., 1975. — 400с.

2. Барадулин, Р. Слаўлю чысты абрус / Р. Барадулін. Мінск: Беларусь, 1996. -272c.

3. Герцык, А. Паэтычны свет Рыгора Барадуліна/ А. Герцык//Роднае слова. -2012. — № 2 — С. 68−72

4. Гісторыя беларускай літаратуры 20 стагоддзя: У 4 т.4. кн.1 1966−1985/ НАН Беларусi, Аддз-не гуманiтар. навук i мастацтваў, Ін-т літ. Імя Я. Купалы; Навук. Рэд. У.В. Гніламедаў, С.С. Лаўшук.- Мінск.: Бел. навука, 2002. — 928 с.

5. Панчанка, П. Жытневы звон / П. Панчанка. — Мінск: Маст. літ., 2002. — 333с.

Показать Свернуть
Заполнить форму текущей работой