Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах

Тип работы:
Дипломная
Предмет:
Литературоведение


Узнать стоимость

Детальная информация о работе

Выдержка из работы

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Установа адукацыі

«Віцебскі дзяржаўны універсітэт

імя П. М. Машэрава"

Факультэт беларускай філалогіі і культуры

Кафедра беларускай літаратуры

Дапушчана да абароны

Загадчык кафедры ___________________В. І. Русілка

«29» красавіка 2010 г.

Драматычныя і трагічныя калізіі

ў беларускіх народных баладах

Дыпломная праца

Выканаўца

студэнтка 51 групы

____________ Марына Уладзіміраўна Сямашка

Навуковы кіраўнік

кандыдат філалагічных навук дацэнт

____________ Генадзій Парфір'евіч Харошка

Рэцэнзент

кандыдат педагагічных навук дацэнт

____________ Людміла Іванаўна Шаўцова

Віцебск 2010

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ

РАЗДЗЕЛ І. ЖАНРАВАЯ ФОРМА І ВОБРАЗНЫ ЛАД НАРОДНЫХ БАЛАД

РАЗДЗЕЛ ІІ. ДРАМАТЫЧНЫЯ КАЛІЗІІ Ў НАРОДНАЙ БАЛАДЗЕ

РАЗДЗЕЛ ІІІ. КАТЭГОРЫЯ ТРАГІЧНАГА Ў БАЛАДНЫХ ПЕСНЯХ

РАЗДЗЕЛ ІV. ПАЭТЫЧНЫЯ СРОДКІ Ў РАСКРЫЦЦІ ДРАМАТЫЧНАГА І ТРАГІЧНАГА Ў БАЛАДАХ

ЗАКЛЮЧЭННЕ

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

УВОДЗІНЫ

Цікавасць да народных балад, гэтага своеасаблівага жанру песеннага фальклору сярэднявечча, «адкрытага» ўпершыню рамантыкамі і выкарыстанага імі для стварэння літаратурнай рамантычнай балады, у апошні час прыкметна ўзрастае. У шэрагу краін з’яўляюцца зборнікі балад і даследаванні, прысвечаныя ім. Цікавасць да народнай балады ахоплівае не толькі навуковыя колы, але і шырокую чытацкую аўдыторыю. Хто з нас не чытаў балады Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Міцкевіча, А. Куляшова, Я. Сіпакова і інш., якія былі створаны на аснове народных традыцый.

Цікавасць да балады паказвае, што гэты жанр патрабуе пільнай навуковай увагі. У вывучэнні і папулярызацыі беларускіх народных балад у нас амаль нічога не зроблена.

Тэрмін «балада», якім абазначаецца жанравая група твораў (песень) у фальклоры многіх народаў, на розных этапах свайго выкарыстання меў неаднолькавае напаўненне. Па-рознаму ён успрымаўся ў традыцыях асобных еўрапейскіх народаў. Трапіўшы на славянскія абшары з заходніх краін, гэты тэрмін найперш замацаваўся як азначэнне літаратурнага жанру, і толькі значна пазней яго сталі прымяняць у фалькларыстыцы. Л. Салавей сцвярджае, што «балада -- гэта апавядальная ліра-эпічная песня з напружаным драматычным сюжэтам, якая адлюстроўвае трагічныя калізіі ў асабістым, сямейным жыцці чалавека» [57, с. 5]. Балады прынята адносіць да пазаабрадавага фальклору, што ў адносінах да беларускіх баллад, на думку даследчыцы, не зусім слушна. Яна зазначае: «значная частка запісаў вызначана носьбітамі як каляндарна-абрадавыя песні -- веснавыя, купальскія, паставыя і інш.» [57, с. 12]. Большасць баладных сюжэтаў мае выключна пазаабрадавае паходжанне і бытаванне, а сюжэты, звязаныя з абрадам, найперш цікавыя для разумення вытокаў жанру, фарміравання яго складу, вобразнасці.

Упершыню характарыстыку жанру балады ў пачатку ХІХ ст. даў А. Міцкевіч. Прыкладам служылі баладныя творы самога паэта, заснаваныя на матывах беларускага фальклору [25, с. 425]. У сваёй грунтоўнай прадмове да тома «Вершы», напісанай у 1820--1821 гг. і надрукаванай у 1822 г. у Вільні, ён зрабіў гістарычны агляд літаратурных плыняў у Заходняй Еўропе, аддаўшы належную ўвагу як бытаванню фальклорнай балады, так і станаўленню балады літаратурнай. Томік вершаў Адама Міцкевіча змяшчаў адначасова яго ўласныя знакамітыя балады і рамансы і быў прысвечаны сябрам і паплечнікам Яну Чачоту, Тамашу Зану, Юзафу Яжоўскаму і Францішку Малеўскаму. Як адзначае Л. Салавей, «паэт выступаў наватарам, пракладальнікам новых пуцявін у паэзіі, таму ён адчуваў патрэбу ў навуковым забеспячэнні свайго выдання, у абгрунтаванні новай літаратурнай плыні» [25, с. 425]. Стары літаратурны свет незычліва ставіўся да новай паэзіі, не разумеў яе, не ведаў і не жадаў ведаць тыя вытокі ў народнай традыцыі, што яе жывілі. Паэт пісаў: «…публікуючы гэты невялікі збор балад і вясковых песень, якія звычайна лічацца гатункам рамантычнай паэзіі, што ўсё яшчэ застаецца пад праклёнам, які кідаюць на яго сёння многія арбітры паэзіі, тэарэтыкі, а нават і самі майстры слова, адчуў неабходнасць папярэдне выказацца, папраўдзе не як мастак, а толькі ад імя тых мастакоў, характар працы якіх быў прадметам і маіх практыкаванняў» [25, с. 426]. 3 гэтых слоў бачна, што спроба тэарэтычнага асэнсавання і абгрунтавання напрамку, які паэт абраў для сябе, для сваёй творчасці, -- гэта яшчэ намаганне зняцця праклёну неразумення з новай прагрэсіўнай грамадскай з’явы. Сцвярджаючы правы грамадзянства для новай літаратурнай плыні, скіроўвалася ўвага творцаў да роднага фальклору, безлічы жанраў народнай творчасці, якая да гэтага часу альбо не заўважалася, альбо невысока цанілася.

У адносінах да фальклорнага песеннага жанру тэрмін «балада» сталі прымяняць даволі позна, у канцы ХІХ ст. (У. Дабравольскі). Носьбіты народнай балады абазначалі іх як «доўгія песні», «смутныя», «жаласныя», «так песні», «быль» [10, с. 124]. Спроба збіральнікаў (У. Вярыга) аб’яднаць творы гэтага жанру пад назвай «думкі» не замацавалася ў беларускім народазнаўстве.

А. Яскевіч адзначае, што беларуская вусна-паэтычная творчасць да часу з’яўлення прафесійнай літаратуры мела даволі развітыя традыцыі народнай балады [66, с. 16]. Вялікая колькасць тэкстаў і напеваў народных балад сведчыць пра жыццяздольнасць твораў гэтага жанру, важнай іх ролі ў сучасным народны рэпертуары.

З усяго вышэй сказанага відаць, што народная балада займае значнае месца ў духоўным жыцці беларусаў. Творы гэтага жанру — адна з крыніц, з дапамогай якой можна больш даведацца пра гісторыю, традыцыі роднага краю, яго эстэтычны, маральны ідэал. Акрамя таго, народная балада паўплывала на з’яўленне літаратурнай «сястры». Тэрмін «балада» зараз ужываецца для абазначэння ліра-эпічнага жанру ў фальклоры, літаратуры, музыцы, нават кіно. Высокія эстэтычныя і гістарычныя вартасці народнай беларускай балады, па-новаму асэнсаваныя прафесійнай літаратурай і мастацтвам, садзейнічаюць развіццю нацыянальнай культуры.

Тэксты, а пазней і напевы беларускіх народных балад прыцягвалі да сябе ўвагу на працягу ўсёй гісторыі беларускага фальклорнага збіральніцтва. Самымі вядомымі збіральнікамі і даследчыкамі жанру балад у XIX ст. былі Ян Чачот, П. Шэйн, Е. Раманаў, Я. Карскі і іншыя. Названыя фалькларысты зрабілі шмат у вывучэнні і развіцці баладных песень.

Так, напрыклад, значная колькасць тэкстаў балад была сабрана і часткова апублікавана ўжо ў 30−40-х гг. XIX ст. у зборніках Яна Чачота «Вясковыя песні з-пад Нёмана і Дзвіны» на беларускай мове або толькі ў польскім перакладзе.

У працах І. Насовіча («Белорусскіе песні») і П. Шэйна («Материалы к изучению быта и языка русского населения Северо-Западного края», «Белорусские народные песни») мы бачым, што фалькларысты працавалі над пытаннямі класіфікацыі народных балад.

Я. Ф. Карскі ў трэцім томе сваёй працы «Беларусы» дае наступнае тлумачэнне тэрміну «балада». На яго думку, гэта ліра-эпічныя творы, у якіх эпічныя і лірычныя элементы ўраўнаважаны [32, с. 487].

Пасля Я. Ф. Карскага вывучэнне балад, іх жанравай спецыфікі ў некаторай ступені спынілася. Толькі ў савецкі час з’явіліся працы, са зместу якіх бачна, што беларуская фалькларыстыка была пастаўлена на сур’ёзную навуковую аснову. Выходзіць спецыяльны зборнік у двух тамах «Балады» (1977−78 гг.) з уступным артыкулам, укладаннем, каментарыямі Л. М. Салавей. Упершыню ў беларускай фалькларыстыцы аўтар паспрабавала высветліць праблемы ўзнікнення і развіцця беларускай балады, разгледзець яе ідэйна-тэматычны змест і мастацка-выяўленчую сістэму.

У 1971 г. выйшла ў свет манаграфія І. Ф. Штэйнера «Беларуская балада. Вытокі жанру і паэтычная структура», у якой на багатым фактычным матэрыяле даследчык выказвае гіпотэзу пра паходжанне жанру, дае класіфікацыю баладам, выяўляе іх нацыянальную спецыфіку, падкрэслівае самабытнасць і самастойнасць твораў.

Дасканалыя ўзоры народных балад змешчаны ў зборніку «Песні сямі вёсак», складзеным Н. С. Гілевічам, дзе ўключаны студэнцкія запісы з цэнтральных раёнаў Беларусі. Балады аўтар вылучае ў асобныя раздзелы. Адбор праведзены з вялікай дасканаласцю, з глыбокім разуменнем мастацкай спецыфікі гэтага жанру.

Але найбольшую ўвагу заслугоўвае навукова-папулярны нарыс Н. С. Гілевіча «Наша родная песня», дзе аўтар праводзіць шэраг трапных назіранняў пра месца і значэнне балады ў народным рэпертуары, гаворыць пра яе жанравую прыроду, тэматыку, матывы, мастацкія асаблівасці.

У манаграфіі Арсеня Ліса «Купальскія песні» (1974) баладам прысвечаны асобны раздзел. Аўтар спыніўся на агульнай характарыстыцы групы сюжэтаў, генетычна ці функцыянальна або тэматычна звязаных з летнім каляндарным цыклам народнай паэзіі, на разглядзе тых праяў жыцця, якія леглі ў аснову сюжэтных калізій. Вывучэнне ўзаемасувязі балады з каляндарнымі цыкламі з’яўляецца важным і неабходным як пры даследаванні абрадавага песеннага рэпертуару, так і пры высвятленні асобных пытанняў жанру балады. Манаграфія А. Ліса ў гэтым напрамку кладзе добры пачатак.

Заслугоўвае ўвагі зборнік вуснай народнай творчасці часу Вялікай Айчыннай вайны «Паэзія барацьбы» (1985 г.), дзе змешчаны шэраг традыцыйных баладных сюжэтаў, перапрацаваных ў адпаведнасці з трагедыйнымі абставінамі, ў якіх апынуўся беларускі народ.

У 2002 г. у свет выйшла кніга «Пазаабрадавая паэзія». Яе асобны раздзел, аўтарам якога з’яўляецца фалькларыст Л. М. Салавей, прысвечаны баладам. Падрабязна разглядаецца гісторыяграфія, ідэйна-тэматычны змест гэтага народнага жанру. Значная ўвага надаецца разгляду мастацкіх асаблівасцей баладных песень.

У кніжцы «Беларусы. Вусная паэтычная творчасць» (2007 г.) балады вынесены ў асобны раздзел, аўтарам якога з’яўляецца К. П. Кабашнікаў. Даследчык дае класіфікацыю гэтых песень, называе асноўныя вобразы беларускіх народных балад.

Вывучэнне і даследаванне балад адбываецца і ў наш час. Праблемамі жанру займаюцца такія даследчыкі, як А. М. Багамолава («Структурна-граматычнае выражэнне народна-паэтычнага эпітэта і яго функцыя ў баладных песнях»), Л. М. Салавей («Беларуская народная балада»), А. Яскевіч («Ля вытокаў жанру балады ў беларускай літаратуры»), І. Ф. Штэйнер («Шматмоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя»), К. Лецка («У святле фальклорных вытокаў: Народныя казкі, легенды, паданні, [балады]») і іншыя.

З усяго вышэй адзначанага відаць, што жанр народнай балады быў цікавы не толькі даследчыкам XIX стагоддзя. Ён і сёння прыцягвае да сябе ўвагу многіх навукоўцаў, у тым ліку і студэнтаў.

Тэма нашай дыпломнай працы «Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах» цікавая і, на наш погляд, патрабуе далейшага вывучэння, таму што народныя балады дастаткова не даследаваны. Гэтыя творы нясуць шмат павучальнасці для кожнага чалавека, з іх зместу можна даведацца пра жыццё і побыт нашых продкаў. Як філолагаў нас вабіць мова, якой напісаны балады: багатая на разнастайныя мастацкія сродкі, эмацыянальная, яскравая. Наша задача — далучыць свой даследчы голас да гэтага жанру, які хавае ў сваёй аснове шмат цікавых і багатых момантаў з пункту гледжання эстэтычнага.

Мэтай нашай дыпломнай працы з’яўляецца даследаванне трагічнага і драматычнага пафасу ў беларускіх народных баладных песнях.

Згодна з мэтай будуць вырашацца наступныя задачы:

звярнуць увагу на гісторыю ўзнікнення і эвалюцыі народнай балады, выявіць спецыфіку жанру;

акрэсліць сістэму вобразаў баладных песень;

вызначыць трагічную і драматычную дамінанту жанру народнай балады, вылучыць яе крытэрыі пафасу;

выявіць драматычныя калізіі ў баладах перыяду Вялікай Айчыннай вайны;

раскрыць паэтычныя прыёмы, моўна-выяўленчыя сродкі стварэння трагічнага і драматычнага пафасу ў беларускіх народных баладах.

РАЗДЗЕЛ І. ЖАНРАВАЯ ФОРМА І ВОБРАЗНЫ ЛАД НАРОДНЫХ БАЛАД

Сярод паэтычных жанраў вуснай народнай творчасці сваёй сувяззю з сапраўднымі або ўяўнымі падзеямі, гістарычнымі асобамі вылучаюцца балады. Яны ярка адлюстравалі стан душы народа, яго мудрасць, псіхалогію і светапогляд, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Балады, або іх яшчэ называюць доўгімі песнямі, -- ліра-эпічныя творы з драматычна напружаным сюжэтам, пабудаваным галоўным чынам на трагічных канфліктах сямейнага характару, праз якія нярэдка адлюстроўваюцца значныя падзеі, што мелі шырокі рэзананс. Тэрмін балада паходзіць ад англійскага слова ballad і лацінскага кораня ballo, што абазначала танец. Фалькларыст Л. М. Салавей падкрэслівае, што балада --«ліра-эпічная песня, якая адлюстроўвае драматычныя і трагічныя калізіі ў сферы асабістага, сямейнага і грамадскага быта чалавека» [57, с. 15]. Балада, сапраўды, жанр унікальны і спецыфічны, у цэнтры якога -- маральна-этычныя тэмы: супрацьборства дабра і зла, сутыкненне любові і нянавісці, вернасці і здрады, стойкасць чалавека ў трагічных сітуацыях і г. д. Для класічнай балады характэрны разнастайныя рэфрэны, якія павялічваюць расповяд і канцэнтруюць увагу слухачоў і выканаўцаў на ўсіх дэталях апавядання, якія падрыхтоўваюць іх да ўспрыняцця заключэння (часта вельмі выразнага) ці падводзяць слухачоў, суперажываючым героям балад, да недвухсэнсавай маральна-этычнай ацэнкі іх учынкаў. Славянскія балады выконваюцца сола ці хорам у рэчытатыўнай і распеўнай манеры, узгадняючыся з лакальнымі стылямі выканаўцаў.

Балады не мелі, як правіла, абрадавай прымеркаванасці, за выключэннем асобных сюжэтаў; магчыма ўзнікненне некаторых балад у выніку мастацкага асэнсавання абрадавых дзеянняў і звычаяў. Так, у беларускай і ўкраінскай баладнай творчасці маюцца адзінкі, якія звязаны з веснавой, купальскай і жніўнай абраднасцю. Сувязь балады з песнямі і абрадавасцю каляндарных цыклаў абумоўлена рознымі прычынамі. У адных выпадках гэта праяўленне генетычнай еднасці, агульнасці вытокаў, у іншых -- дзеянне моцнай фальклорнай традыцыі, якая так парадкавала песенны рэпертуар, каб кожнаму твору было сваё месца, свой час выканання.

І. Ф. Штэйнер называе баладу «жанрам незвычайным, таямнічым, загадкавым» і пераконвае, што «яе свет -- паэтычны, па-дзіцячы наіўны, а таму такі дарагі сэрцу кожнага -- жыве поруч з намі як увасабленне чала-вечых мар, ідэалаў, памкненняў. I ўсё ў гэтым свеце ахутана таямніцай, бо там вандруюць прывіды і здані, з’яўляюцца жорсткія ўладары лесу і вады, бяскрыўдныя і дурнаватыя падчас чэрці і нячысцікі, шнуруюць бязлітасныя ваўкалакі» [65, с. 7].

Менавіта ў жахлівых сітуацыях раскрываецца велічная ўнутраная прыгажосць чалавека, які заўсёды выходзіць пераможцам. Нават тады, калі перамогу ён здабывае за кошт ўласнага жыцця. Таму, нягледзячы на выразна трагічную афарбаванасць баладнага сусвету, тут ніколі не валадарыць смерць. Яе перамагае магутнае каханне, любоў маці да сваіх дзетак, жаночая вернасць, патрыятызм, адданасць доўгу і сваім ідэалам. Такой была балада пры сваім зараджэнні. Такой яна застаецца і цяпер. Але гэта датычыцца толькі яе ўнутранага духу. А знешне форма балады мянялася і мянялася не аднойчы.

Народныя балады -- адзін з самых старажытных жанраў сусветнай паэзіі. Яны зарадзіліся недзе ў ХІ-ХІІ стст. у фальклоры германскіх народаў. Прыкладна ў гэты час балада ўзнікае і ў славянскім фальклоры. У сярэдневяковай еўрапейскай паэзіі тэрмін «балада» першапачаткова абазначаў народную плясавую песню любоўнага зместу з абавязковым рэфрэнам. Паступова песня аддзялілася ад танца, страціла рэфрэн. У сучасным выглядзе балада зарадзілася на хвалі ідэй еўрапейскага рамантызму і за кароткі час стала яго своеасаблівым маніфестам.

У цэнтры балады індывідуальны чалавечы лёс. Падзеі агульнанароднага значэння, этычныя, філасофскія, сацыяльныя пытанні ўзнаўляюцца ў гэтых творах праз прызму чалавечых ўзаемаадносін і лёсаў. Звычайна аўтар балады выбірае такое здарэнне, якое атрымлівае ўсеагульнае значэнне для саміх персанажаў і для цэлага сацыяльнага ці нават нацыянальнага калектыву. Напрыклад, трагедыя тысяч людзей, палоненых татарамі, адлюстравана ў баладзе пра жанчыну, якая ў палоне сустракае дачку. Асабліва важна тое, што ў баладных песнях няма падагульняючых вывадаў, якія перакідваюць масток ад асабістага лёсу да агульначалавечага.

У цэлым балада -- эпічны жанр, што пацвярджае яе сюжэтнасць, падзейнасць і аб’ектыўнасць апавядання. Эпічнасць праяўляецца і ў тым, што аповед вядзецца ад аўтара, звычайна гэта паслядоўны расказ пра падзеі.

Мэтай балады з’яўляецца не ўсебаковае даследаванне разнастайных жыццёвых калізій, а паказ пэўнага чалавека на адным з самых складаных, вяршынных або пераломных момантаў яго жыцця, якое часта завяршаецца трагічна: маці канчае жыццё самагубствам пасля таго, як яе дзіця разарвалі ваўкі, сястра атручвае брата, які не дазваляе ёй быць з каханым. Кожны з такіх пераломных момантаў змяшчае адзіны канфлікт галоўнага героя з прыродай, сацыяльнай сістэмай, ворагамі, канфлікт гуманізму з бесчалавечнасцю і г. д. Дзеля яркага і ўсебаковага паказу гэтага канфлікту свядома абмяжоўваецца колькасць дзеючых асоб. Для народнай балады характэрна нязначная колькасць персанажаў, часцей за ўсё 2−3. У сілу прытчападобнасці балады, яе сцісласці героі паказаны не дэталёва, а эскізна: найбольш яскрава выдзелены толькі некаторыя рысы яго характару, якія неабходны для вырашэння асноўнай ідэі твора, для развіцця канфлікту.

Падзеі ў баладзе абмежаваны ў часе і прасторы. Уся ўвага аддадзена дзеянню. Варта падкрэсліць, што балада не толькі апавядае пра пэўную падзею, але і робіць чытача яе сведкам, стварае своеасаблівую ілюзію прысутнасці.

Беларускія балады адрозніваюцца ад баладаў іншых народаў сваёй паэтычнасцю. Тлумачыцца гэта тым, што ў беларускім фальклоры, як і ў заходніх славян, амаль не склаліся традыцыі гераічнага эпасу. Здарылася так, што ўсе незвычайныя, найбольш трагічныя падзеі, якія былі нярэдкімі ў штодзённым побыце беларусаў, гераічныя моманты ў жыцці пэўнага сацыяльнага калектыву ці нават усёй нацыі -- смерць добрых малайцоў ад рук ворагаў («Каля лесу, каля цёмнага»), развітанне з мужнымі абаронцамі роднага краю («Праводзіны на вайну», «Развітанне з мілым»), нашэсце захопнікаў («Удава ратуецца ад татараў») -- знайшлі свае глыбокае адлюстраванне ў выключна дынамічнай, драматычна напружанай форме народнай балады.

Мастацкая спецыфіка беларускай народнай балады вызначаецца яе драматызмам і трагічнасцю. Пад драматызмам мы разумеем эстэтычную катэгорыю, якая адлюстроўвае і абагульняе супярэчнасці і канфлікты чалавечага жыцця, узаемаадносіны чалавека з навакольным светам. Для драматызму характэрныя няшчасце, неўладкаванасць, незадаволенасць асобы ў душэўнай сферы, у асабістых адносінах, у грамадскім становішчы, напружанае перажыванне нейкіх супярэчнасцяў, усхваляванасць і трывога, барацьба процілеглых сіл, напружаная інтрыга, сутыкненне процілеглых чалавечых учынкаў, ідэй, імкненняў [6, с. 15]. Г. Паспелаў называе драматызм «пафасам дзеянняў і адносінаў персанажаў, але часта ён робіцца разам з тым і драматызмам ідэйнай накіраванасці самога твора» [49, с. 90]. Канфлікты, якія параджае пафас драматызму, -- гэта, на думку даследчыка, «сутыкненні персанажаў з такімі сіламі жыцця, з такімі яе прынцыпамі і традыцыямі, якія звонку супрацьстаяць характарам персанажаў і якія не маюць для іх зверхасабістага значэння» [49, с. 90]. Драматычныя канфлікты могуць прывесці да вельмі цяжкіх перажыванняў, да пакутаў, нават да пагібелі. Чым больш глыбокія канфлікты, тым больш цяжкія перажыванні, тым мацнейшы драматызм дзеянняў персанажаў і іх лёсаў.

Побач з драматызмам у баладах прысутнічае і трагічнае. Пад трагічным мы разумеем эстэтычную катэгорыю, якая характарызуе невырашальны мастацкі канфлікт (калізію), які разгортваецца ў працэсе свабоднага дзеяння героя і суправаджаецца пакутамі і гібеллю героя ці яго жыццёвых каштоўнасцей. Трагічнае ўзнікае на аснове сутыкнення чалавека з невырашальнымі супярэчнасцямі. Невырашальны канфлікт прыводзіць да цяжкіх пакут і смерці героя. Аднак гібель не кожнай асобы мы ўспрымаем трагічна, а толькі той, што мае важнае станоўчае значэнне для людзей. Варта разумець, што «пад трагічным разумеецца не проста жахлівае, а тое, што звязана з неажыццёўленымі высокімі парываннямі чалавека» [49, с. 158].

Супярэчлівым застаецца пытанне класіфікацыі беларускіх народных балад. Мы будзем кіравацца думкай Л. Салавей, якая падзяляе балады на наступныя віды:

балады з міфалагічнымі матывамі;

балады казачныя і легендарныя;

балады, якія змяшчаюць загадкі;

балады гульнёва-карагоднага складу;

балады навелістычныя;

балады гістарычныя;

балады гераічныя.

Паводле наяўнасці рэліктаў старажытнага светаўспрымання да найбольш ранніх балад трэба аднесці балады з міфалагічнымі матывамі. Да іх блізкія балады казачнага характару, балады, што ўключаюць загадкі. Найпазнейшымі трэба лічыць балады навелістычныя. Варта адзначыць пэўныя цяжкасці, якія ўзнікаюць пры разглядзе асобных сюжэтаў: варыянты адной балады могуць мець міфалагічныя элементы, напрыклад, метамарфозы, а могуць іх і не мець.

Да спецыфічных рыс адносіцца таксама і сістэма вобразаў беларускіх народных балад. Неабходна адзначыць, што вобразы, выкарыстаныя ў беларускіх баладах, вельмі яскравыя і поўныя. Праз паводзіны персанажаў, іх пачуцці, размовы мы можам добра ўбачыць унутраны свет чалавека, пачуць тое, што да нас хацеў данесці народ -- аўтар твора.

Вельмі багатымі і разнастайнымі з’яўляюцца балады навелістычнага характару, у якіх адным з распаўсюджаных вобразаў з’яўляецца нявестка, якую свякруха закляла ў рабіну. Ператварэнне адбываецца часцей у разнастайныя запаветныя дрэвы: рабіну, каліну, таполю, яліну. Пры дапамозе такіх ператварэнняў аўтар перадае нам жыццё гаротнай дзяўчыны, якую не ўзлюбіла свякруха, раскрывае ўнутраны свет закаханай маладзіцы, паказвае яе перажыванні і пакуты ад нешчаслівага кахання:

Стрыкуча крапіва балотная,

Журліва свякрова нягодная.

Біла нявесту як дзень, дак ноч,

Гнала нявесту з двара далоў:

-- Ідзі, нявеста, у чыста поле,

Скінься, нявеста, рабінай [3, с. 125].

Перад намі паўстаюць адразу два вобразы — свякрухі нягоднай і беднай нявесткі. У гэтай баладзе свякруха выступае адмоўнай, сварлівай жанчынай, якая незадаволена маладзіцай і заклінае яе ператварыцца ў рабіну. Тут праяўляюцца рэўнасныя адносіны да нявесткі за сына. Маці хоча, каб дзіця было побач з ёй, а не з маладой жонкай. Менавіта таму ў гэтым вобразе нам бачны недобразычлівыя, эгаістычныя паводзіны чалавека. Нявестка наадварот паўстае добрай, ціхмянай дзяўчынай, якая кахае свайго хлопца. Праз яе паводзіны мы бачым, што гэта паслухмяная, са светлай душой маладзіца.

У баладах пра напады татар прысутнічае вобраз бярозы:

-- Ты, бярозе, хілява-бялява,

Чаму ты ў полі не вясёла?

Чаму ты, бяроза, суха, не зелена? [3, с. 264]

Вобраз бярозы, якая траціць сваю прыгажосць, засыхае, церпіць ад наездаў татар, прыйшоў у баладу, на думку К. П. Кабашнікава, з вясельнай паэзіі. У баладных песнях бяроза — вобраз самадастатковы. Нам дастаткова толькі аднаго эпізода, каб убачыць спусташальнасць татарскіх набегаў [14, с. 336].

Сустракаецца ў баладных песнях і вобраз каліны. Сімвалічны вобраз каліны — адзін з самых распаўсюджаных і сэнсава шматгранных. Ярка і пераканаўча каліна як вобраз-сімвал маладой дзяўчыны або замужняй жанчыны (нявесткі) выступае ў некаторых народных баладах. Паводле адной з балад, праклятыя за грэх казак і дзяўчына прараслі пасля смерці: казак — яварам, а дзяўчына — калінаю.

У народнай баладзе ператварэнні герояў могуць адбывацца не толькі ў дрэва, але і ў іншыя вобразы. Пра гэта сцвярджаюць і навукоўцы. Так, знаўца балад Л. Салавей адзначае, што «адным з яскравых вобразаў у баладах з’яўляецца ластаўка» [25, с. 487]. Прыкладам можа служыць балада:

Да ў нядзельку раненька на зары

Шчабятала ластаўка на моры,

На беленькім камушку седзючы,

І на беражочак гледзючы:

-- Ой, татулька, татулька, для бога,

Знімі мяне з камушка бялога [3, с. 239].

Тут назіраецца первўвасабленне дзяўчыны ў ластаўку. Сама на сабе гэтая птушка сімвалізуе лепшыя якасці: дабрыню, чысціню, пяшчоту. Так праз вобраз ластаўкі паказваюцца нам якасці дзяўчыны і робіцца гэта для большай эмацыянальнасці, праўдзівасці.

Асабліва часта сустракаецца ў баладных песнях вобраз шэрай зязюлькі - сімвал жанчыны, якая горка сумуе-тужыць — або ў разлуцы з каханым, або па дому бацкоў. Па словах Л. Салавей, «матыў ператварэння жанчыны ў птушку, найчасцей зязюлю, а яе дзяцей у дробных птушачак, салавейкаў, прысутнічае ў некалькіх сюжэтах і з’яўляецца сюжэтастваральным, без гэтага ператварэння сюжэт не можа існаваць, ён рассыпаецца» [25, с. 445]. Неабходна дадаць, што на Беларусі зязюлю лічылі птушкай жаночага роду, птушкай без пары, птушкай-удавой. За вобразам зязюлі замацавалася і сімвалічнае значэнне вяшчунні і варажбіткі. Зязюлі па народных павер’ях, дадзена знаць тое, чаго не ведаюць і не могуць ведаць людзі, таму ў песнях яна прадказвае лёс.

Да рэдкіх сюжэтаў балад адносяцца творы з вобразам арла. Арол у індаеўрапейскай міфалогіі заўсёды знаходзіцца на вяршыні «Дрэва Сусвету». Гэтая птушка служыла пасланцам багоў, далятала да мора, прыносіла адтуль весткі, могла бачыць ніжніх ранейшых багоў, зрынутых у апраметную [25, с. 463]. У беларускай фальклорнай спадчыне арол таксама памяшчаецца часта на дубе -- дрэве Перуна, ці «Дрэве Сусвету»:

Узяў стрэльбу да застрэліў гарла на дубе.

Дзе галоўка упала, там цэркаўка стала,

А дзе крылца ўпалі, там алтары сталі.

А дзе ножанькі ўпалі, там свечанькі сталі [3, с. 484].

Асаблівасцю казачных балад з’яўляюцца таксама вобразы дзікіх звяроў, пра якія дастаткова міфалагічных уяўленняў і якія шырока прадстаўлены ў казках. Гэта найперш воўк (сюжэты «ваўкі-нянькі», «воўк перамагае ў шлюбным спаборніцтве», у першым сюжэце яго можа замяніць мядзведзь):

Над дзіцятачкай чатыры нянечкі,

Чатыры нянечкі, шэрыя ваўкі.

Радзілі раду, раду добрую [3, с. 583].

Беларускія балады данеслі да нас шэраг міфалагічных матываў, якія сведчаць пра веру нашых продкаў у мажлівасць ператварэння чалавека ў аб’екты навакольнай прыроды: кветкі, дрэвы, каменні, рэчкі і інш. У мастацкі твор уключаецца гатовы добра вядомы архаічны матыў, які служыць большай мастацкай выразнасці твора, робіць яго глыбокім і змястоўным [12, с. 459]. З мужчынскіх вобразаў варта адзначыць зялёны дубочак — вобраз, які процістаіць жаночым вобразам з расліннага свету, хаця ні з адным з іх і не спараны (як, напрыклад, явар з калінай або з ліпай) [25, с. 487]:

Прыблудзілася к зялёнаму дубу,

Тут я, млода, начаваці буду.

Я думала, што дуб зеляненькі,

Адазваўся казак маладзенькі [3, с. 249].

Як зазначае К. Лецка, у беларускай народнай баладзе, як і ў фальклоры многіх народаў свету, набліжанасцю да рамантычнага паказу вызначаецца такая сітуацыя, калі ў знак моцнай і неразлучнай любові нябожчыкаў (звычайна хлопца і дзяўчыны) на іх магілах вырастаюць і сашчапляюцца дуб з бярозаю або зрастаюцца разам вяршочкі зялёнага явару і белай бярозы [41, с. 182]. Гэты гімн вернасці ў каханні праз алегарычныя вобразы дрэў знайшоў адлюстраванне ў рамантычнай баладзе «Дзве бярозы» Яна Баршчэўскага, у творчасці іншых паэтаў-рамантыкаў. Становяцца «дубочкамі, бярозкамі» і нават «белым камянём» героі народнай балады «Заклятае вяселле». У дадатак да таго хлопец, дзяўчына ці нявестка могуць стаць вярбою.

Народныя балады змяшчалі ў сабе вобразы не толькі дрэў, птушак, раслін, але і абстрактныя паняцці ў вобразе гора. Такія вобразы адносяцца да вельмі старажытных уяўленняў аб прадвызначанасці чалавечага шляху, аб надзяленні кожнага чалавека ужо пры нараджэнні добрай або благой доляй:

А я ў горы не радзілася,

Само гора прыкацілася.

Пайду з гора ў чыста поле,

Гора за мной катком коціць… [3, с. 452]

У простага чалавека гора жыло побач, усюды хадзіла ззаду. Праз гэты вобраз аўтар балады паказвае, што просты чалавек вельмі часта пакутаваў, яму было нялёгка па жыцці побач з горам, якое не давала спакою.

З жаночых вобразаў у беларускіх баладах бадай што самым глыбокім і яркім, «мастацкі дасканалым трэба лічыць вобраз сялянскай дзяўчыны Бандароўны, галоўнай гераіні аднайменнай балады» [14, с. 341]. Пачуццё чалавечай годнасці, жаночага гонару, мужнасць, сіла волі, здольнасць супрацьстаяць дамаганням пана, улада якога над сялянамі была неабмежаванай, сканцэнтраваны ў гэтым вобразе народнай гераіні. Яна не прымае падарункаў пана, наносіць яму нечуваную абразу, хоць ведае, што рызыкуе жыццём:

— Ой, лепей, пане Хаміцкі, у сырым пяску гніці,

Як за панам Хаміцкім у атласе хадзіці [3, с. 343].

Такім чынам, мы бачым, што беларускія народныя балады насычаны разнастайнымі вобразамі, праз якія больш дакладна характарызуецца чалавек, яго паводзіны, унутраны стан.

Такім чынам, акрэсленыя спецыфічныя рысы беларускай народнай балады гавораць пра тое, што гэта вельмі цікавы, глыбокі па змесце жанр. Баладныя песні вызначаюцца высокімі эстэтычнымі і ідэйнымі якасцямі. Пры ўсёй тэматычнай разнастайнасці балады маюць нешта агульнае, што дазваляе аб’яднаць іх у межах адзінага жанру.

РАЗДЗЕЛ ІІ. ДРАМАТЫЧНЫЯ КАЛІЗІІ Ў НАРОДНАЙ БАЛАДЗЕ

Мастацкая спецыфіка народнай балады вызначаецца яе драматызмам. Рускі даследчык фальклору С. Азбелеў адзначае, што «драматызм балады адносіцца да спосабу апавядання ў ёй, але не ўказвае на сувязь з драмай як з адным з відаў п’ес для сцэны» [ 31, с. 72]. Неабходна ўдакладніць, што ў народных баладах мы сутыкаемся з эстэтычнай катэгорыяй драматычнага, якая ўказвае на напружанасць, безысходнасць стану, абставін. Драматычны канфлікт прадвызначае супярэчнасці ў светаўспрыманні герояў і падчас іх барацьбы, спрыяе ачышчэнню (катарсісу) герояў і чытачоў або слухачоў. Г. М. Паспелаў у працы «Праблемы гістарычнага развіцця літаратуры» гаворыць, што «канфлікты, якія параджаюць пафас драматызму, -- гэта сутыкненні персанажаў з такімі сіламі жыцця, з такімі яго прынцыпамі і традыцыямі, якія звонку процістаяць характарам персанажаў і якія не маюць для іх звышасабістага значэння. З такімі сіламі і прынцыпамі жыцця персанажы могуць уступаць ў проціборства, абараняючы гэтым або сваі звышасабістыя памкненні, або толькі маральныя каштоўнасці свайго прыватнага жыцця, а часам нават і такія асабістыя памкненні, якія не маюць станоўчага маральнага значэння» [49, с. 73]. Пад звышасабістым даследчык разумее грамадскія ідэалы, якія даюць людзям, якія да іх імкнуцца, годнасць, гонар, славу. «Такія ідэалы не з’яўляюцца чымсьці асабістым, выпадковым, яны не ўзнікаюць па волі асобных людзей», -- падкрэслівае вучоны [49, с. 20].

Запатрабаванням драматычнай выразнасці балады падпарадкаваны і кампазіцыя, і спосаб паказу чалавека, і сам прынцып тыпізацыі жыццёвых з’яў. Дзеянне заўсёды зведзена да аднаго канфлікту, да аднаго цэнтральнага эпізода, а ўсе падзеі, якія папярэднічаюць канфлікту, або выкладаюцца вельмі сцісла:

Жыла ўдоўка багатая,

А ў яе дочка харошая.

Пашла на бераг ложак мыць.

Яшчэ ложак не памыла,

Цёмна хмарка уступіла [3, с. 72].

або зусім адсутнічаюць, і балада пачынаецца адразу з драматычнага дзеяння:

Ой, у полі пад вішэнькаю

Там казачок забіты ляжыць,

Над ім конік вараны стаіць,

Капыцейкам зямлю сячэ,

Свайму пану вады дастае [ 3, с. 281].

Драматызм народных балад дасягаецца з дапамогай адкідвання падзей, якія адбываюцца пасля асноўнага канфлікту. Напрыклад, у беларускіх фальклорных баладах дачка даведваецца пра тое, што бацька забіў маці, сын высвятляе, што маці загубіла яго жонку. Пра тое, што адбываецца далей, балада не гаворыць.

Драматычны пачатак жанравай структуры балады цесна звязаны з напружанасцю дзеяння, якая падкрэсліваецца звычайна адмысловым, імклівым, вершаваным рытмам. Па сутнасці, кожная балада -- гэта маленькая драма. Канфлікт, які пакладзены ў аснову, заўсёды востра драматычны. Развязка ж, якая выступае сюжэтным завяршэннем канфлікту, носіць не проста нечакана-эфектны, але часта трагічны характар. У вядомай ступені драматызм балад звязаны таксама з той атмасферай страху і жаху, без якой наогул нельга ўявіць мастацкую прыроду традыцыйнай фальклорнай балады. Часам драматызм народных балад цесна пераплецены з рэлігійнымі і міфалагічнымі вераваннямі людзей, нібы выцякае з іх. Чалавек прызнае існаванне нейкай неспасціжнай і непадуладнай яму сілы. У большасці балад гэта проста ўсведамленне таго, што вонкавыя, аб’ектыўныя акалічнасці часта аказваюцца мацнейшымі за ўнутраныя, суб’ектыўныя падахвочванні асобнага чалавека. Адсюль характэрны для балад змрочны каларыт.

З усяго спектра праблем ледзь не самай галоўнай з’яўляецца супрацьстаянне асобы і лёсу. У беларускай народнай баладзе выразна прасочваецца ідэя справядлівасці: калі чалавек не кіруецца загадамі лёсу — ён будзе пакараны. Герой нярэдка свядома кідае выклік лёсу, аказвае яму супраціўленне насуперак усякім прадказанням і прадчуванням. Пра гэта яскрава сведчыць сапраўдны шэдэўр беларускай ліра-эпічнай паэзіі -- балада пра Бандароўну. Гэтая прыгожая, гордая і смелая дзяўчына з народа, якая вырашыла лепш загінуць, чым паступіцца сваёй чалавечай і дзявочай годнасцю:

-- А ці лепей, Бандароўна, ў пяску гніці,

Як за мною, за Хаміцкім, ў атласе хадзіці? [ 3, с. 343]

Гераіня спрабавала пазбегнуць пагібелі, ды потым прыняла смерць, але не скарылася панскай прыхамаці, не аддала на здзек свой жаночы гонар і засталася непараможнай. Калізія, якая, здавалась бы, абмежавана сюжэтнымі рамкамі (лёс адной дзяўчыны), у сапраўднасці шырока распаўсюджаная і мае грамадскае значэнне. Так, перад намі нібы канцэнтраванае выражэнне лёсу ўсяго народа, у маральнай пазіцыі Бандароўны ўвасабляюцца значымыя бакі маральнага кодэкса простага люду, які процістаіць рабаўнікам. Далёка не заўсёды баладныя сюжэты маюць шчаслівы фінал, у якім перамогу атрымлівае справядлівасць. Наадварот, для балад характэрны наймацнейшы драматызм зместу. Сюжэтныя калізіі да мяжы завостраны і напружаны, увага скіравана на канфлікты і сітуацыі, у якіх магчымасць шчаслівых развязак выключана. Як правіла, баладныя песні завяршаюцца трагічна.

Драматычныя калізіі ў беларускіх народных баладах пра паходжанне кветак братак спалучаюцца з матывам інцэсту. У фальклоры нашага народа існуюць два варыянты сюжэта. Першы апавядае, як разлучаныя ў дзяцінстве брат і сястра сустракаюцца дарослымі і ўступаюць у кроўна-роднасны шлюб, з якога няма выйсця. Па сваёй волі яны ператвараюцца ў кветкі (на брату -- сінія кветкі, на сястры -- жоўтыя), і гэта толькі павялічвае драматызм. Частка запісаў мае іншае вырашэнне канфлікту -- брат і сястра шчасліва пазбягаюць інцэсту. Л. Салавей адзначае, што «нават у тэкстах, дзе інцэст пазбягаецца, застаецца інерцыя ўяўлення, што грэх адбыўся, і брат з сястрой ператвараюцца ў кветку „браткі“. Прытым кветка гэтая ўспрымаецца як купальская трава, якую дзеўкі будуць збіраць на Купаллі і ўспамінаць брата і сястру» [ 25, с. 458]. Народная этыка рашуча асуджае такі ракавы збег абставін, менавіта таму практычна заўсёды балада заканчваецца трагічна. Драматычная напружанасць канфлікта даводзіцца да крайніх межаў, аснову сюжэтнага развіцця складаюць жахлівыя супадзенні і непапраўныя выпадковасці.

Часам драматычны пачатак у баладах настолькі моцна выражаны, што з-за гэтага аўтарскі аповед адыходзіць на другі план або зусім замяняецца маналагічнай або дыялагічнай формай апавядання. Напрыклад, адзін з варыянтаў балады «Разважлівая дзяўчына ў палоне» пабудаваны як размова Дуная, паланянкі і капітана:

-- Дунай, Дунай, Дунайчык мой,

Чаму ж ты, Дунай, так ціхенька ідзеш?

-- Як жа мне, Дунаю, ціхенька не ісці?

Бо па мне, Дунаю, тры чаўны плывуць…

…У трэцім чаўночку дзяўчына плача [3, с. 79].

Разважлівая паланянка адмаўляецца ад прапановы капітана «слузе пасцель слаць», а з ім разам спаць, бо «не жывуць дзве жонкі пры адном мужы» [3, с. 79].

Неабходна адзначыць, што балады пра паланянак прасякнуты асаблівым драматызмам. Тут выразна адчуваецца і туга па далёкай Радзіме, і неадольнае жаданне пабачыць родных, і нелюбоў да чужой старонкі. Прыкладам служаць балады пра маці-птушку, якая ляціць зязюляй да ўгнанай у татарскі палон дачкі і чуе там, як дачка просіць свайго мужа адпусціць яе да мамкі ў госці. Асаблівага драматычнага напружання дасягаюць тыя баладныя песні, якія малююць пагібель паланянкі, сцвярджаючы такім фіналам высакародную ідэю: лепш смерць, чым жыццё ў варожым палоне.

Дай мне, мілы, да вожычак.

Пайду рэзаць хустачку.

He ўцэліла ў хустачку,

А папала ў шчыра сэрца [3, с. 72].

Моцны драматычны пачатак маюць балады пра забітага ў чужой краіне воіна, да якога прылятаюць тры птушкі -- маці, сястра і жонка. Адзначым, што балада «Тры птушачкі ля забітага малойчыка» адносіцца да пашыраных у беларускім народным рэпертуары і ўяўляе сабой вельмі архаічны сюжэт, заснаваны на старажытных і вельмі жывучых уяўленнях, што дайшлі да нашых дзён (перавага кроўных сувязей над усімі іншымі, мажлівасць ператварэння ў розныя аб’екты прыроды, неабходнасць належна пахаваць нябожчыка, паплакаць-пакукаваць па ім і шэраг іншых). Сюжэт мае два вырашэнні, наскрозь прасякнутыя глыбокім драматызмам: першае -- больш эпічна разгорнутае, з велічнымі малюнкамі, што апісваюць смерць самотнага малайца далёка ад сям'і, роду, і другое -- даволі згорнутае, што толькі канстатуе факт смерці (забойства) і што забітага няма каму належна пахаваць. Часам вестка пра смерць малайца перадаецца маці зязюліным кукаваннем, тады маці ператвараецца проста ў птушку, а потым збірае перапёлак. Сцэна гэта малюецца вельмі драматычна:

Ах, некаму ж па малойцу плакаць!

Закукавала шэра зязюля у барочку.

А пачула родна маманька ў дамочку.

Ажно яе цела абмярцвела,

Падламіліся ножанькі ў яе,

Затрасліся белы ручанькі ў яе.

Прыляцела шэрай птушачкай к яму.

А сазвала перапёлачак к яму,

Стала плакаць у галованьках яго [3, с. 257].

Смяртэльна ўражаная стратай сына маці часам кідаецца на яго пошукі, як птушка, кружыць па полі, праклінаючы мацярынскім неадзоўным праклёнам месца гібелі сына:

Ні пана па полі лятала,--

Малайцова маці сыночка шукала,

Сыночка шукала, поле праклінала:

-- Бадай ты, поле, запрапала,

Як майго сыночка не стала [3, с. 257].

Адразу дзве драматычныя калізіі сустракаем у баладзе «Сустрэча сястры з братам-«татарынам»: брат -- сястра і дзеці -- маці. Вызначыць, якая з іх больш вострая, напружаная, вельмі складана. Брат не пазнае сваю сястру і хоча ўзяць яе ў жонкі. Маці атручвае дачку і сына. Калі першы канфлікт вырашаецца добра: брат разумее, што сустрэў свая сястру, -- то другі скончваецца вельмі трагічна.

Такім чынам, у народнай баладзе драматычныя калізіі сустракаюцца даволі часта. Адзначым, што фальклорныя творы не застаюцца заўсёдашнімі на працягу стагоддзяў. Наадварот, з цягам часу яны або змяняюцца, або трансфармуюцца ў адпаведнасці з абставінамі. Так, многія баладныя сюжэты былі перапрацаваны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Такія балады апавядаюць пра суровыя выпрабаванні, якія выпалі на долю беларускага народа, пра глыбокі патрыятызм, мужнасць і гераізм нашых землякоў. З самага пачатку вайны наша шматпакутная Беларусь зведала зверствы фашысцкіх катаў. Але нават жорсткасці і здзекі гітлераўцаў не змаглі зламіць волю і імкненне беларусаў да перамогі, веру ў светлую будучыню.

Ствараліся ваенныя балады пераважна партызанамі рознымі шляхамі і спосабамі: новыя творы ўзнікалі адносна рэдка, часцей за ўсё перайначваўся, перарабляўся тэкст вядомага верша ці песні. Напрыклад, балада «Над абрывам вецер вые, шле праклёны» была варыянтам вядомай яшчэ ў даваенныя гады беларускай песні «Над абрывам вецер кідаецца, вые». У аснову балады «Над ракою ў спакою» пакладзены сюжэт дакастрычніцкага верша Я. Купалы «Пра дзяўчыну Галіну».

Як вядома, сфера баладных песень — напружаныя драматычныя, нават трагічныя бакі народнага жыцця. Герой такіх твораў амаль абавязкова гіне, смерць яго не выпадковая, яна як быццам прадказана. Значная частка сюжэтаў будуецца на адлюстраванні таго, што здараецца ў час бою, гераічныя эпізоды застаюцца па-за сюжэтам, яны нібы падразумяваюцца. Уся ўвага ў баладзе скіравана на асабісты лёс героя, а лёс гэты горкі. Усе дэталі такіх балад падпарадкаваны адной мэце — стварэнню драматызму. Прыкладам можа служыць урывак з балады «Калі груша ўзышла, калі вырасла», у якой герой твора з шкадаваннем сцвярджае:

-- Не кажы ж, ты мой конь,

Што я ўбіты ляжу,

А скажы ты, мой конь,

Што жанаты я хажу:

Ажаніла мяне пуля быстрая,

А звянчала мяне шабля вострая [48, с. 162].

Тут гібель воіна атаясамліваецца з вяселлем, дзе ў ролі абрадавых звычаяў выступаюць сродкі забойства.

Многія народныя балады, створаныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, прымяркоўваліся да пэўных ваенных падзей і асацыятыўна адлюстроўвалі настроі і перажыванні людзей, іх смутак у сувязі з гібеллю партызана, салдата, камандзіра. Прыкладам можа служыць балада «У нядзелю рана». Замест вобраза салдата або казака, які загінуў у баі, у творы ўведзены вобраз чырвонага камандзіра. У баладзе распавядаецца, як да нябожчыка прыляцелі тры птушкі:

Адна птушачка — гэта маці яго,

Села ў галовачках,

Другая птушачка — гэта сястра яго,

Села ў ножачках,

Трэцяя птушачка — жонка яго, --

Супроць сэрдачка [48, с. 9].

Балада паказвае гора родных: «Маці плача, як рака льецца, сястра плача, як ручаёк бяжыць, жонка плача — расы няма» [48, с. 9]. Змест балады не толькі традыцыйны, але і наватарскі ў развіцці сюжэтнай лініі. Мы бачым, як з’яўляюцца тры сокалы, якія «ўзялі цела пад белыя плечкі, прынеслі яго, вадой жывучай спрыснулі з быстрае рэчкі» і ажывілі камандзіра, каб ён пазнімаў «чорным воранам галовы з плеч» [48, с. 9].

Вылучаецца цікавым зместам балада пра смерць салдата «Ой, на гарэ агонь гарыць, а ў даліне забіты ляжыць». Гаспадар дае свайму каню наказ бегчы дарогаю шырокаю, сталбавою, «штоб немцы не спаймалі, сядзелечка не адабралі». Конь прыбягае да маці салдата і гаворыць, «каб яна ўзяла пяску жменю і пасеяла па каменю, як той пясок жытам узыдзе, тады і сынок з вайны прыйдзе» [48, с. 16]. Фінал балады трагічны: жыта не ўзышло, сын не вярнуўся, бо ён быў забіты.

Папулярным у часы Вялікай Айчыннай вайны быў наступны драматычны сюжэт балад: муж ці сын вяртаюцца з вайны, але гаспадыня хаты іх не пазнае, нават пачынае пярэчыць, бо «ў печы не паліла і хлеба не пякла». Сродкам стварэння драматызму ў баладзе «І сонца закацілась» выступае дыялог паміж «хазяйкай» і адным з трох партызанаў - сынам гэтай старой жанчыны. Яшчэ адзін паўнавартасны герой балады — прырода. Яна паказваецца ў напружанні, нібы прыслухоўваецца да нечага страшнага.

Яшчэ больш драматычны характар мае балада «Шчэ сонца не заходзіць». У размове паміж гасцямі і гаспадыняй высвятляецца, што ў сорак першым годзе забілі яе сына і мужа, яна засталася ўдавой. Сюжэт у баладзе даводзіцца да пэўнай кульмінацыі і толькі тады тлумачыцца, што госці ўдавы — гэта яе муж і сын; у гэтым яны прызнаюцца гаспадыні самі: вайна вельмі мяняла вонкавае аблічча людзей.

Беларускі народ у ваенных баладах апявае не толькі мужчынскія подзвігі. Не апошняе месца адведзена гераічным жаночым вобразам. Сумам, глыбокім драматызмам, а часам і трагізмам напоўнены балады пра паланянак. Для дадзенай групы характэрны трагічны лёс героя, пераўвасабленне чалавека ў птушку. Усё гэта паказана ў баладзе «А ў нядзелю рана». Птушка расказвае маці пра нялёгкую долю яе дачкі на чужыне — у нямецкім палоне. Ад весткі, якую паведаміла птушка, матуля расчулілася, праліла «дробныя слёзы» і папрасіла «пташку» вярнуцца яшчэ, калі жывая дачка. Але няма весткі ад любімай дачкі. «Мабыць, мая дачка ў зямлі спачыве» [48, с. 156], -- робіць вывад няшчасная маці.

Нягледзячы на драматычны характар народных балад перыяду Вялікай Айчыннай вайны, большасць з гэтых песень нясуць аптымістычны настрой. Пра гэта сведчыць балада «Партызанская». Загінуў герой-партызан, але засталіся жыць яго гонар і сумленне ў беларускім народзе.

Такім чынам, драматычны свет народных балад перыяду Вялікай Ай-чыннай вайны раскрываецца праз адносна абмежаваную колькасць сюжэтаў, невялікую колькасць вобразаў і з дапамогай традыцыйных сродкаў стварэння драматызму. Ваенныя народныя балады часцей за ўсё ўяўляюць сабой традыцыйныя фальклорныя балады, нязначна змененыя або проста трансфармаваныя.

РАЗДЗЕЛ ІІІ. КАТЭГОРЫЯ ТРАГІЧНАГА Ў БАЛАДНЫХ ПЕСНЯХ

Беларускія народныя балады — творы багатага жыццёвага зместу, высокай паэтычнай дасканаласці, выдатнага мастацтва слова. Гэта праяўляецца перш за ўсё ў майстэрстве сюжэта: з аднаго боку, у адборы сітуацый вялікай эмацыянальнай сілы, а з другога -- у дакладнай характарыстыцы персанажаў праз іх учынкі. У баладах у сціслым пераказе эпізода, абмежаванага па часе і месцы дзеяння, па-майстэрску раскрываюцца трагізм і драматызм становішча чалавека, які дарэмна гіне. Даследчык еўрапейскай народнай балады Т. Чубеліч адзначае, што ў цэнтры гэтых твораў яркія асобы і падзеі. Навуковец перакананы, што баладныя героі абцяжараны думкамі і памкненнямі, што іх адрознівае сталасць жыццёвых пазіцый і своеасаблівая непадатлівасць [53, с. 25]. На наша меркаванне, пазіцыя Т. Чубеліча слушная. Аднак заўважым, што стыхія балады -- гэта калізіі народнага жыцця, якія паўтараюцца, сталі побытам, часта яны пазбаўлены часавых прыкмет. Рускі фалькларыст Б. Пуцілаў сцвярджае, што «баладныя сюжэты характарызуюцца сваёй побытавай няпэўнасцю, відавочнай неадпаведнасцю паўсядзённай эмпірычнай плыні жыцця. А між тым у іх аснове заўсёды ляжаць сапраўдныя, а не прыдуманыя, жыццёвыя калізіі» [53, с. 29]. Балада як жанр цалкам паглыблена ў свет сацыяльных, побытавых, сямейных, псіхалагічных канфліктаў, якія выкліканы супярэчнасцямі рэальнага жыцця, -- канфліктаў, якія з’яўляюцца крыніцай бедаў і няшчасцяў, пагібелі, гора, страчаных надзей, няспраўджаных памкненняў. Менавіта таму, што ўвага балады скіравана на выключных асоб, якія дзейнічаюць у выключных абставінах, гэты фальклорны жанр наскрозь прасякнуты трагічным і драматычным пафасам.

Трагічнае ў народнай баладзе -- як правіла, жахлівае. Гэта нярэдка злачынства, здзейсненае ў адносінах да блізкага ці роднага чалавека. Менавіта так ствараецца асаблівая напружанасць, драматызм жанру. Пра гэта красамоўна сведчыць балада «Забалела ў Марысі галоўка», у якой паказваецца трагедыя простага чалавека ў пэўнай сувязі з сацыяльна-класавымі адносінамі і ў пэўнай залежнасці ад тагачасных грамадскіх умоў. Сюжэт балады апавядае, як замужняя Марыся прыкінулася хворай і выправіла Яся па «баравое зелле», а сама тым часам «выйшла за другога, за сына папова». Пра гэта Ясь даведаўся ў бары ад птушак:

Кінуў Яся зелейка капаці,

Паехаў Яся к паповічу на двор.

-- Пусці, паповіч, на двор узысці!..

Дастаў Яся, дастаў вострую меч,

Зняў ён Марысі галаву з плеч:

-- Вось табе, Марыся, баравое зелле,

А табе, паповіч, частае вяселле [18, с. 120].

Сцэна расправы над нявернай жонкай, якая завяршае баладу, нічога ўжо не можа змяніць па сутнасці. Трагедыя -- не ў крыві, якая пралілася. Яна -- у жыцці і душы Яся. «Яна ў тым, што ўсведамленне немагчымасці барацьбы з існуючым ладам маральна абяззброіла героя ў барацьбе з яго асабістым злом»,-- падкрэслівае Г. М. Паспелаў [49, с. 81]. Як бачна, асноўны матыў балады -- асуджэнне нявернасці і здрады. Народная мараль тут выступае ў абарону чысціні і шчырасці ў сямейных адносінах, у абарону чалавечай годнасці аднаго з членаў сям'і.

Яскравае і класава-завостранае выражэнне атрымала тэма кахання жанчыны з вышэйшага саслоўя да селяніна ў баладзе «Пятрусь». Калізія гэтага сюжэта выключае ўсялякую магчымасць шчаслівага зыходу канфлікту або прымірэння бакоў. За недазволеную любоў на суд вядуць не абоіх, але аднаго:

Пакажы, Пятрусю, пакажы пярсцені,

Што падаравала вяльможная ў пасцелі [3, с. 574].

Балада заканчваацца тым, што «ўзялі Петруся за белыя бокі, укінулі Петруся ў Дунай глыбокі» [3, с. 574]. У адным з варыянтаў гаворыцца, што і пані не перажыла гора -- «стала абамлеваці» і памерла, аднак усе спачуванні народа на баку прыгоннага хлопца, які і ў гэтай сітуацыі становіцца ахвярай прыхамаці і жорсткасці эксплуататараў. Тэма сардэчных адносінаў тут ададзвінута на другі план, яна ўступае месца тэме непрымірымага класавага антаганізму, які намаляваны ў тыпічна баладнай манеры.

Увогуле, трэба сказаць, што трагічны (асабліва для гераіні) зыход кахання з’яўляецца амаль што законам класічнай балады сямейна-бытавой тэматыкі. Дзяўчыну могуць падманам звезці з хаты (выкрасці) і затым кінуць. Трагічна гучаць самі назвы такіх балад: «Ясь-зводнік топіць дзяўчыну», «Казакі намаўляюць дзяўчыну на вандроўку, апавядаючы ёй небыліцы», «Зведзеная дзяўчына траціць вянок». Часам адна трагедыя прыводзіць да другой, прыкладам таму служыць балада «Дзяўчына загубіла зводніка-казака». У названым творы гераіня -- не толькі ахвяра жорсткага, бязлітаснага лёсу, але і барацьбіт за права на лепшую долю. Калізія, калі дзяўчына застаецца з няшлюбным дзіцем на руках, дала пачатак цэлай чарадзе баладных сюжэтаў пра маці, што кінула або загубіла сваіх дзяцей (балада «Дзяўчына топіць няшлюбнае дзіця»). Цікава, што летапісныя сведчанні яшчэ ў X-XI стагоддзях паказваюць вельмі паблажлівае стаўленне да «байструкоў». Толькі развіццё і ўмацаванне царкоўнай маралі надало гэтай жыццёвай праблеме трагічны характар. Часам суд над жанчынай маглі ўчыніць члены яе сям'і. Менавіта такую сітуацыю апісвае балада «Брат карае сястру за няшлюбнае дзіця». Брат прыехаў дадому з падарункамі для сястры, а калі ўбачыў на яе руках дзіця, то

Выняў брацішак гостры мечык

І зняў сяструнцы голаў з плечык [3, с. 509].

Трагізм балады ўзмацняюць словы нявіннага дзіцяці, якое панесла велізарную страту:

-- Тобе, Ясю, сем жонак бэндзе,

Мне мамулі другэй не бэндзе.

Табе, Ясю, жонка ў вяночку,

Мая мама ляжыць ў пясочку.

Табе, Ясеньку, усё скрыпачкі,

А мне, малому, да слёзачкі [3, с. 509].

Не менш трагічным, чым каханне, паказваецца ў баладных песнях і сямейнае жыццё жанчыны. Паэтыка балады завастрае ўвагу на пагібельным характары сярэднявечнага сямейнага дэспатызму. У адпаведнасці з жанравымі асаблівасцямі балады злыя сілы, якія разбураюць сям’ю, паўстаюць у асобе членаў той жа сям'і. Як правіла, ім нададзена абсалютная ўлада, якая і прыводзіць да трагедый. У баладах, якія апавядаюць пра жыццё замужняй жанчыны, злыя сілы на баку яе мужа і родных мужа, але часцей за ўсё на баку свякрухі. Злосць свякрухі ніколі не тлумачыцца. Яна адлюстроўваецца ў баладзе як жыццёвая і паэтычная норма. Нормай з’яўляецца і безадказнасць нявесткі. Такое проціпастаўленне дыктавала творцам балад сама рэчаіснасць сярэднявечча, характар сямейных адносінаў феадальнай эпохі.

Паднявольнае трагічнае становішча жанчыны ў сям'і мужа выяўляе балада пра тое, як свякроў заклінае нявестку ў рабіну (таполю). Тут адлюстраваны тыповыя дамастроеўскія парадкі ў сям'і, варожасць свекрыві да нявесткі, на глебе якой і адбываюцца трагічныя падзеі:

Стрыкуча крапіва балотная,

Журліва свякрова нягодная.

Біла нявестку як дзень, дак ноч,

Гнала нявестку з двара далоў:

-- Ідзі, нявестка, у чыстае поле,

Скінься, нявестка, рабінай… [3, с. 178]

У іншых варыянтах маці адпраўляе сына ў вялікую дарогу, а нявестку -- браць лён: «Не выберэш лёну,-- не ідзі дадому». Прыехаўшы з вайны ці з вялікай дарогі, сын бачыць незвычайнае дрэва. Маці раіць яму ўзяць сякеру або меч і ссекчы яго:

ПоказатьСвернуть
Заполнить форму текущей работой