Параўнальныя канструкцыі ў мове вершаваных твораў Янкі Купалы

Тип работы:
Курсовая
Предмет:
Иностранные языки и языкознание


Узнать стоимость

Детальная информация о работе

Выдержка из работы

Курсавая работа

Параўнальныя канструкцыі ў мове вершаваных твораў Янкі Купалы

Уводзіны

І хоць дасць мне доля ў дамавіне месца, —

Устане цень з зямлі мой, на крыж

абапрэцца

I ў той бок глядзеці будзе век нязводна,

Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.

Янка Купала

У сучаснай лінгвістыцы ўсё большае распаўсюджанне знаходзіць даследаванне стылістыкі мовы. З’яўляюцца новыя напрамкі стылістычнага вывучэння моўнага матэрыялу. Ва ўсіх напрамках асноўнае месца займае праблема славесных сродкаў вобразнасці.

Да ліку славесных сродкаў вобразнасці належыць троп. Адным з самых распаўсюджаных відаў тропаў, які шматгранна выкарыстоўваецца носьбітамі мовы ў вуснай і пісьмовай форме, у пазнавальнай і эстэтычнай, ацэначнай і арганізацыйнай функцыях, з’яўляецца параўнанне. Параўнанне — такое супастаўленне двух прадметаў, з’яў або паняццяў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога. Параўнанне дапамагае зрабіць паэтычны малюнак па — мастацку дакладным, наглядным, жывапісным. У параўнанні выяўляецца мастакоўская своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы. У параўнанні ўзаемапаясняюцца абедзве часткі супастаўлення — і тое, што параўноўваецца, і тое, з чым параўноўваецца.

У паэзіі Янкі Купалы параўнанне — адзін з самых ужывальных тропаў, а таму іх аналіз паводле тыпаў, месца і ролі ў мове паэта дазваляе выявіць адметнасць гэтага мастацкага прыёму ў сістэме вобразных сродкаў паэта і разам з тым даць уяўленне аб індывідуальнасці стылю мастака і яго светаўспрыманні, светабачанні, паколькі параўнанне з’яўляецца носьбітам інфармацыі, з аднаго боку, аб адметнасці паэтычнай працы, а з другога — аб уяўленнях паэта пра свет, аб канкрэтна-пачуццёвым адлюстраванні ім рэчаіснасці пэўнага часу. Мова твораў паэта прадстаўлена рознымі спосабамі выражэння параўнанняў.

Мэта курсавой работы — вызначыць месца і ролю параўнанняў у мове вершаваных твораў Янкі Купалы. У сувязі з пастаўленай мэтай неабходна вырашыць наступныя задачы:

1) выявіць параўнальныя канструкцыі ў мове вершаваных твораў Янкі Купалы;

2) вызначыць спосабы выражэння параўнанняў у мове Янкі Купалы;

3) правесці лексіка-тэматычную класіфікацыю аб’екта і суб’екта параўнання;

4) даць характарыстыку ўстойлівых параўнанняў у мове Янкі Купалы.

Сярод параўнанняў мовы вершаваных твораў Янкі Купалы самыя распаўсюджаныя са злучнікам ці злучальным словам, з якіх найбольшая колькасць са злучнікам як.

Значна менш ужываюцца параўнанні з іншымі злучнікамі: бы, нібы, быццам, што, маўляў.

Зафіксаваны адзін выпадак выражэння параўнання назоўнікам з прыназоўнікам: Царскія слугі б’юць іх [людзей], страляюць, / І сваіх браццяў за сабак маюць.

Асноўная частка параўнанняў усіх тыпаў у мове твораў Янкі Купалы пабудавана на аснове падабенства аднаго прадмета да другога паводле агульнай прыкметы.

Акрамя таго, у паэта адзначаецца даволі частае выкарыстанне параўнанняў, пабудаваных не на супастаўленні, а на супрацьпастаўленні аднаго прадмета другому, напрыклад: Хоць не воўк — жывеш у хаце; Не дубок пры ніўцы ў гаі, / Не ў лузе лілейка, — / Малады тут засядае / З сваёй дабрадзейкай.

Крыніцай матэрыялу паслужылі вершаваныя творы Янкі Купалы.

1. Спосабы выражэння параўнанняў у мове Янкі Купалы

купала параўнання лексіка

У вершаваных творах паэта прадстаўлены розныя спосабы выражэння параўнанняў і ўвядзення іх у кантэкст. Сярод параўнанняў самыя распаўсюджаныя са злучнікам ці злучальным словам, з якіх найбольшая колькасць са злучнікам як.

Значна менш параўнанняў з іншымі злучнікамі: бы, нібы, быццам, што, маўляў.

Не менш значную ў колькасных адносінах групу складаюць параўнанні ў форме творнага склону назоўнікаў.

Значна менш адзначаюцца параўнанні ў форме параўнальнай ступені прыметніка ці прыслоўя.

Няшмат у паэта параўнанняў, выражаных параўнальнымі даданымі сказамі.

У адзінкавых выпадках зафіксаваны параўнанні, выражаныя лексічна

(пры дапамозе слоў падобны, роўны).

Зафіксаваны адзін выпадак выражэння параўнання назоўнікам з прыназоўнікам: Царскія слугі б’юць іх [людзей], страляюць, / І сваіх браццяў за сабак маюць (13, с. 78);

Параўнанні ўсіх пералічаных тыпаў пабудаваны на аснове падабенства аднаго прадмета да другога паводле агульнай прыкметы.

Акрамя таго, у паэта адзначаецца даволі частае выкарыстанне параўнанняў, пабудаваных не на супастаўленні, а на супрацьпастаўленні аднаго прадмета другому (паводле тэрміналогіі паэтычнага сінтаксісу — прыём адмоўнага паралелізму), узятых у аўтарскі арсенал вобразных сродкаў з вуснай народнай творчасці. Напрыклад: Я не сокал зоркавокі, /

Не арол адважны, / Што так думна за аблокі / Ўзносіцца з із кажны (12, с. 30);

Нават я не салавейка, / Што пяе так слаўна, / А я толькі верабейка, /

Ўзрошчаны пад Гайнай (12, с. 30); Не дубы скрыпяць / Сукам, лісцямі, — /

Два байцы — смяльцы / Ненавісцямі (13, с. 29); Хоць не воўк — жывеш у хаце (12, с. 32); Не дубок пры ніўцы ў гаі, / Не ў лузе лілейка, — / Малады тут засядае / З сваёй дабрадзейкай (12, с. 72,); Не на рэчцы лялее вадзіца, / І не явар калыша лістком, — / Гэта кроў маладая бурліцца, / Гэта сэрца пайшло хадуном (12, с. 101); Яе губкі - не калінкі, — / Проста спелыя малінкі

(12, с. 85); То не сокалы — птушкі / Вымыкалі ў далі, — / Гэта самалёты /

Нашы выляталі (13, с. 86); Не жалейка йграе / Пад ляском за вёскай, /

Не вятрок хістае / Беленькай бярозкай, — / Дзевачка — нябожа / Уздыхае, плача / Па сваім прыгожым / Па жыцці бядачым (13, с. 32) і інш.

1.1 Параўнальны зварот

Параўнальны зварот — слова або словазлучэнне, якія шляхам параўнання раскрываюць і ўдакладняюць змест усяго выказвання або пэўнага члена сказа. Такія звароты ўводзяцца ў сказ пры дапамозе злучнікаў як, бы, быццам, нібы, нібыта, чым, што, маўляў.

Са злучнікам як: І пачынаю йграць з трывогай нейкай, / Хоць песня як і з даўных б’е часоў, — / Звініць, як вецер паміж верасоў, / І ўперагонкі рвецца з салавейкай (1, с. 7); Воддаль прэе ў лесе лісце, / Як шкілет, тарчаць галіны (1, с. 8); Як крыніца, льецца, рвецца / З сэрца песня ў свет, за светы (1, с. 9); Наводзіць гэта музыка нязводны звод нуды, — / Скрабе душу, як сенажаць жалезныя бароны, / Па сэрцу б’е, як дождж па шклянай шыбе ў халады (1, с. 24); Абдымлены комін тырчыць, як вяха, / Як здань, вызірае з імглы (1, с. 29); Стаіць, як абскубаны зверам шкілет, / Забытая светам карчма (1, с. 29); Як вісельнік, звісла галіна адна (1, с. 29); Лёг гаспадар плашмя на рунь, / Стаў слухаць сёлета палетак. / Абняўшы рунь, ляжыць, як сноп, / Жывых і мёртвых вызваў ў сведкі (1, с. 40); Абснежаны свет без канца, без граніц, / Душа ажно тлее, як свечка з грамніц (1, с. 41); - Бачыш, сынку: цёмна хмара / Залягла, як злая мара (1, с. 46); Чорны груган вылятае /Знекуль — з няшчасных старон. / Крылле, як вехі, разняўшы, / Страшны затачвае круг (1, с. 55); На тутэйшай зямлі / Дзве сястрыцы жылі, / Як забытыя ў лесе каліны (1, с. 113); Яе дружкі і нядружкі, / Як дасужлівыя служкі (1, с. 148); Сцягі нязгаслага святла, / Як мак, калышуцца, чырвоны (1, с. 197); (Лютуе Гітлер ашалелы…) / На Беларусь, маю радзіму, / Як шакал, рынуўся галодны (1, с. 387); То я рвуся к табе, то, як слуп той стаю (12, с. 14); Та [дзяўчынка] гарыць, як лучынка (13, с. 53); Ў руцэ сільнай смычок ліпкі /Лёгка ходзіць, як пярцо (12, с. 18); Выглядае [хата], як магіла, / Выглядае неяк крыўдна (13, с. 54); Мой край, як сцяпная магіла (12, с. 91); Як нябожчык, жуда мяне ўсю абняла (13, с. 63); Нітка ж то як палец (1, 175); У ім дупло — як хата (12, с. 112); Як віхры, машыны (12, с. 211); Лёд, як магіла сама (13, с. 54); Як заўцы — званы, / На няцвіўшыя паляны / Леглі курганы (12, с. 74); Як зрубы — звяны, / Сярод выдмаў, сярод ямаў / Дрэмлюць курганы (12, с. 74); А толькі бедную Натальку / Жыццё з ім цешыць не магло, / Як тую грэшную русалку (11, с. 107); Дзень добры, Масква, як вясна, маладая (12, с. 251); Ў губах язык засох, як косць (12, с. 10); Як зялёны дыван, распласталася [ніва]… (13, с. 30); За успамінам успамін / У грудзі лезе, як той клін (1, 15); Як смоль, чорныя бровы… (13, с. 85); А слёзы грызуць вочы ўсім, як соль (13, с. 86).

Са злучнікам што: Бо яздок на ім, што бура, / З віхрам пойдзе ў перагонкі (1, с. 291); Не магу я цярпець, паглядаць, / Як іх сталасць знікае, што мгла (13, с. 57); А вочы ў яго — што начніцы, / А рукі ў яго — чараўніцы (13, с. 61).

Са злучнікам быццам: Быццам горбы, іхні торбы (12, с. 54); Быццам песняй, быццам казкай / Дні плылі нам так (1, с. 416); Янка рад, не рад, /

А дыхнуць ані, / Быццам той скурат — / Круціцца ў агні (13, с. 83); Як пачне сняжніца / Гурбы насыпаці, / Быццам маё шчасце /Навекі хаваці (13, с. 102);

Мае думкі, быццам кумкі, / Назаляцца любяць мне (13, с. 50).

Са злучнікам нібы: Назаўтра ўзняло галасочак, / Нібы званочак (11, с. 51); Не ўзяць рукамі голымі / Таго жывога полымя, / Што, нібы агняцвет (11, с. 57); Развідняе сонца ночы, / Нібы казка, нібы цуд (1, с. 369); Нібы пчолы ў соты з мёдам / Да свайго вулля, / Мы вяртаемся дадому (11, с. 60);

Каб вы пелі, не сціхалі / Ў радасці і ў горы, / Гаманілі, нібы хвалі (12, с. 197);

А дзявочу красу, / Нібы тую расу, / Піў цагляны падвал цёмнай ночай (12, с. 198); Нібы цудоўная кветка, / Ордэн галубіцць мне грудзі (12, с. 248); На куце сядзіць багацце, / Нібы госць вядомы (12, с. 254); У вёсцы ўсім страшны, глядзіць [Янка], нібы пан… (13, с. 66); Вось яна — цуд — дзяўчына мая, / Нібы казкі чароўнай жар — цвет! (1, с. 155); А унізе гнуўся лес да зямлі, / Нібы старац, гнуўся (13, с. 89); Валасы, нібы лён, а сам стройны такі (13, с. 51); Пывуць леты, нібы рэкі (13, с. 74).

Са злучнікам бы: Бы тую пярынку птушыну, / Ў сваю бярлогу яе [Бандароўну] нёс (11, с. 107); Ў серабрысты росы, / Бы ў брыльянты тыя, /

Ты ўцвяці убор свій / Шаты залатыя (13, с. 12); Маеш голас, бы жалейку (13, с. 32); Рукі моцны, бы са сталі (1, с. 271); Зашумела, загуло, / Бы землетрасенне, / На палескае сяло / Найшло ўтрапенне (13, с. 36); Рад хат, бы курганаў (13, с. 50); Поле роўнае такое, / Бы стол габляваны… (13, с. 90).

Са злучнікам маўляў: Жыць кожны так будзе, мой братку, / Хто родну старонку палюбіць, / Маўляў добры сын сваю матку (13, с. 91).

1.2 Творны параўнання

Сярод бяззлучнікавых параўнальных канструкцый творны склон — найболей пашыраная форма выражэння параўнання. Творны параўнання характарызуе якасць дзеяння аднаго прадмета не непасрэдна, а праз другі прадмет, дзеянне якога ў пэўны момант найболей яму ўласцівае. Гэта канструкцыя па значэнню суадносіцца з параўнальным зваротам, які характарызуе якасць дзеяння. Творны параўнання, як і вобразны параўнальны зварот, называе якасць дзеяння і адначасова метафарычна характарызуе дзейнік (суб'ект дзеяння).

Напрыклад: Лёг пухам на лесе, на жоўтых лісцях, / Абсеяў, абсыпаў прысады і шлях. / Так высыпаў ззябна, бязрадасна снег (1, с. 41); У высях сонца золатам зіяла, / Ўнізу плыў вецер сваёй сцежкай (11, с. 80); Асілкам гэтакім адроду / Машэка быў ў сваёй радні (11, с. 91); Ноч цёмнай пасцілкай зямлю абхінула (11, с. 148); Мучыцель толькі рад, снуецца, / Як шакал дзікі па трупах, — / З ахвяр сваіх ваўком смяеца (12, с. 4); Загарыцца сонца смагай (12, с. 6); І маланкай доля блісне (12, с. 13); Ты за грошы сябе прадасі панічу, — /

Будзеш блізкай яму, будзеш жонкай яго (12, с. 15); Будзеш паняй ты жыць: смачна есць, доўга спаць (12, с. 15); Слёзы капалі расіцай (1, с. 288); Лёг па небе Шлях Млечны, шлях злепленых зорак, / Паясом — серабром без канца і пачатку (12, с. 169); Млечны Шлях служыць сцежкай — пуцінай у вырай (12, с. 169); Яны вялі і сохлі націнай (12, с. 197); Дзе чыгун ракою льецца, / Дзе звініць сталь звонам (12, с. 219); Сын чацвёрты: — Хочу лётаць /Птушкаю крылатай (12, с. 220); Ты прыйдзі ка мне вясною, / Кветкаю прыйдзі (12, с. 122); Ты прыйдзі ка мне улетку, / Коласам прыйдзі (12, с. 122); Як жыццё пабегла / Жваваю крыніцай (12, с. 212); Раем на зямлі выглядаў наш сад (11, с. 84); Ралля падсохла, мяккай стала воўнай (11, с. 79); І сам не бачыць, як расой / Сплыла слязіна за слязой (1, с. 16); Вецер і хмара дахаты / Просяцца, лезуць смалой (1, с. 58); Вы, перамогшы усё, узняліся арламі… (13, с. 9); Ён арлом мог глядзеці… (13, с. 9); Цэлы век без перарыву / Гараваў, ракой пот цёк (13, с. 74); Стаяў перад будучым свечкай, / Якая згасае без следу (1, с. 261); Кроў лілася рэчкай (1, с. 332); А рыцар маланкай садзіцца / На быстрага сваго каня / І нікне у цемры паўночнай (13, с. 55); Дажывае стара маці / Сірацінаю у хаце (13, с. 81); Бацькам голад мне быў, / Гадаваў і карміў, / Бяда маткай была, / Праца сілу дала (12, с. 44); Крыжам ляжаш за парогам (12, с. 61); Рассыплюцца [хвалі] пухам… (13, с. 72); Рассеюцца [хвалі] пылам… (13, с. 73); Стане пеклам жыццё… (13, с. 67); А думка край свету на хмары ляціць, / Арлом сізакрылым лятае, лунае… (1, с. 469); Хоць — та сэрца громам б’ецца (13, с. 25); Шыпіць [асіна], уздыхае змяёй… (13, с. 37); Маланкай гойсае чаўнок (13, с. 55); Час маланкай ішоў… (13, с. 55); Снег белы мёртва сцелецца / Пасцеляй грабавой (12, с. 50); Міла шчасце залатое / Сцелецца каберцам (12, с. 72).

1.3 Форма ступені параўнання прыметніка ці прыслоўя

Адзначаецца адносна малая колькасць параўнанняў у форме параўнальнай ступені прыметніка ці прыслоўя, напрыклад: Ад халодных каменняў іх сэрцы цвярдзей (1, с. 48); Толькі ж мора / Маё ад дум тваіх святлей! (13, с. 30); Стане брату брат горш ката… (13, с. 44); Жудка, жудка дым пажарны / Бухае уночы, / А жудчэй яшчэ у пана / Задымелі вочы (13, с. 18); На чале на дзявочым вянок — / Ад скрынь золата, скарбаў мілей (13, с. 44).

1.4 Лексічны спосаб

У адзінкавых выпадках зафіксаваны параўнанні, выражаныя лексічна (пры дапамозе слоў роўны, падобны), напрыклад: Падобная ў полі нязжатаму коласу, / Змагацца прымушана [удава] з зменным жыццём (13, с. 46); Дзе ты, любая дзяўчынка, / Роўная цвяточку (13, с. 97); Вочы вырвалі ёй, сонцу роўныя (13, с. 88); Яе шчочкі - роўны ў сонцы / Цвету — ружы ля аконца (13, с. 88).

1.5 Даданы параўнальны сказ

Выглядалі, чакалі цярпліва, / Як чакае з вайны маці сына (12, с. 253); У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўздоўж, / Як бы напяты былі там людскія жылы, / Грудзей, заводіў вецер, бы па дроце рэзаў нож (13, с. 62).

Такім чынам, паводле спосабу выражэння, параўнанні ў мове Я. Купалы можна падзяліць на:

— самыя распаўсюджаныя са злучнікам ці злучальным словам, напрыклад: Воддаль прэе ў лесе лісце, / Як шкілет, тарчаць галіны (1, с. 8); Назаўтра ўзняло галасочак, / Нібы званочак (11, с. 51).

Сярод гэтай групы большую частку складаюць параўнанні ўжытыя са злучнікам як, напрыклад: Яе дружкі і нядружкі, / Як дасужлівыя служкі (1, с. 148); Сцягі нязгаслага святла, / Як мак, калышуцца, чырвоны (1, с. 197);

— параўнанні ў форме творнага склону (творны параўнання), напрыклад: Слёзы капалі расіцай (1, с. 288); Лёг па небе Шлях Млечны, шлях злепленых зорак, / Паясом — серабром без канца і пачатку (12, с. 169);

— параўнанні ў форме параўнальнай ступені прыметніка ці прыслоўя, напрыклад: Ад халодных каменняў іх сэрцы цвярдзей (1, с. 48);

— параўнанні, выражаныя лексічна, напрыклад: Яе шчочкі - роўны ў сонцы / Цвету — ружы ля аконца (13, с. 88).

— параўнанні ў форме даданага параўнальнага сказа, хоць іх і мала, але яны таксама маюць сваё значэнне, напрыклад: Выглядалі, чакалі цярпліва, / Як чакае з вайны маці сына (12, с. 253).

На аснове гэтага падзелу вершаваныя творы Я. Купалы чытаюцца і ўспрымаюцца больш прасцей і цікавей.

2. Лексіка-тэматычная класіфікацыя аб’екта і суб’екта параўнання

Чалавек і прырода ў паэзіі Янкі Купалы нераздзельныя, што асабліва выразна выяўляецца пры аналізе суб’ектаў і аб’ектаў параўнання, паколькі чалавек параўноўваецца з прыроднымі з’явамі і наадварот, выступаючы то як

суб’ект, то як аб’ект. Напрыклад: Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры, /

Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая (12, с. 90); Навяртаюцца на вочы / Слёзы, як раса (13, с. 75); Пакахай, мяне дзяўчынка, / Як рыбкі ручэй! (13, с. 77); Уцякалі паны-ляхі, / Бы з пажару пацукі (1, с. 368); Твар мела святлісты, як неба узор (13, с. 61); Як асінавы лісточак, / Ўвесь трасецца [Сцёпка], горб на спіне (13, с. 52); Мой сад калодамі абведзен мёдных пчол, / Што гаманяць, як неўгамонныя музыкі (1, с. 21); Ляжыць трупам трава, як народ на вайне (13, с. 93); Стара — старая ліпа, / Паважная, як свацця (13, с. 79); Расце бяроза сярод поля, / Ўдалі ад лесу, сіратой (13, с. 81); Тырчыць ігруша, як сухотнік (1, с. 39); Княжацкі бор шумеў пакутна, / Як нашы песні таго часу (1, с. 302); Слёзамі дожджык пальецца на грудзі (1, с. 357) і інш.

2.1 Канкрэтныя прадметы

Як правіла, лексемы ў параўнаннях з назвамі канкрэтных прадметаў не паўтараюцца, а самі параўнанні вобразна прадстаўляюць і характарызуюць у асноўным канкрэтныя прадметы, выклікаючы разнастайныя асацыяцыі, удакладняючы ўяўленне, даючы ім ацэнку, напрыклад: За скібаю скібу, як стужкі, / Машына умелая сцеле… (12, с. 211); Як брыльянты, гінуць росы (12, с. 124); Зашасталі глуха сярпы, як нажы (12, с. 88); Як блін, поле ляжыць (12, с. 44); Бульба — як арэхі (13, с. 9); Бульба, як арэхі, / Па тры пад карчом… (1, с. 160); Галіны — як крыжы (13, с. 48); На стале абрус той, / Як у бот ануча… (1, с. 173); Сокам чырвоным наліты гранаты, /

Дружна, бы яблыкі, дрэва абселі (1, с. 327); Пасыпаліся дробныя зярняты/

Ў раллю, як пацеркі янтарны… (13, с. 67); Па іх [шпалах] рэйкі — шнурам, /

Як на скрыпцы струны (13, с. 90).

2.2 Назвы жывёл, насякомых

Найменні дамашніх жывёл, напрыклад: Працую, як той вол рабочы, -/

Бо я мужык, дурны мужык (12, с. 3); Снуюцца людзі як жывёла, /У ёрмы шыі выгібаюць… (13, с. 32); На цэлы свет з пагардай / Дзікім глядзіць [пан], казлом… (13, с. 40); Людзей з’ядае [гарэлка], як конь сена (13, с. 47);

Што голы я, павінен згінуць, / Як той у лесе чашчавік, / І, як сабака, свет пакінуць (12, с. 4); Як быкі, стаяць літэры (12, с. 31); І паноў і панятаў, /

Як шчанятаў… (1, с. 331).

Найменні дзікіх жывёл, напрыклад: А я чахнуў, бядак, / Галадаў, мёрз, як воўк (13, с. 19); Кавалі яго, як звяра, ланцугамі / І кідалі ў лёхі, каб згінуў, не жыў (13, с. 34); Вый, як ваўкі на каляды (13, с. 20); Як мядзведзь ты спіш, бядак (13, с. 60); Мучыцель толькі рад, снуецца, / Як шакал дзікі па трупах (12, с. 4); Расла ў ім [Машэку] помста, як змяя… (13, с. 37); Як вужака, калісь і я віўся ў жальбе (13, с. 21); Віцца будзеш [небарака], як вужака (13, с. 21); І сам [Машэка], як гадзіна, ў ёй [помсце] віўся… (13, с. 23); Хай жа руку на нас, як гад, / Падыме вораг — ліхадзей (1, с. 312); Як змяя, чалавечая злосць (12, с. 102); Сонца смяецца, як змей (13, с. 37); Абвіўся [холад] гадзінай халоднай… (13, с. 23); Галовы людзі пахіліўшы, / Зямлю капалі, як краты (12, с. 131); Выядаў, як той крот, / Дым фабрычны дзявочыя вочы (12, с. 198); Бяда звілася вужам… (11, с. 56); Будзеш дуж, мой братка, / Як мядзведзь — маруха… (13, с. 60); Горда мур глядзеў / На зямлю, як леў (12, с. 108).

Найменні насякомых, напрыклад: Вон! Засядзь клапом пад трамай, /

Шукай скарбу ў сваёй столі (13, с. 45); І людзей, што ў трудзе, бы мурашкі,/

Плечы гнуць… (13, с. 59); Як мёд пчала збірае рупна ў соты, / Збіраем скарб з зямлі і з — пад зямлі (1, с. 355); Ахвотай і надзеяй дужы, / На дзеле ж слабшыя ад мухаў (13, с. 59); Як п’яўкі, смокчуць кроў з ног босых / Аржоння вострыя сукі (12, с. 10); А я толькі верабейка, / Ўзрошчаны пад Гайнай (12, с. 30); А з нашага Юрачкі / Сталі кпіць і курачкі, / Што не мыўся цэлы дзень / І бубніць, як авадзень (1, с. 223); Як шмель, / Шумела, гудзела карма ўсю ноч… (1, с. 29); Дзедаў ўнук — гарэза, / - Як чмель чапурыцца… (1, с. 165); Мы ляжым, як мядзвёдкі, як гнілыя калодкі… (13, с. 60).

2.3 Назвы птушак

Найменні птушак, з якіх найбольш часта адзначаецца родавая намінацыя (птушка, птах), напрыклад: Птахам свабодным пад зорамі / Лётаў [я] бы шпарка над светам… (13, с. 70); Заціхнуў шлях, як птах зімой (1, с. 134); У паніча была я ў месце, / Не пазналі мяне ўрэшце, / Бо змянілась, бо як птах (13, с. 70); Хай імчыцца наша песня / Птушкай па — над гай… (13, с. 71); Скажыце мне, думкі, Гора — весялушкі, / Чаго вы прыціхлі, / Як у восень птушкі (13, с. 71); Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая (12, с. 90);

Самалёты — нашы птахі (12, с. 240); Мы людзі свабодныя, / Вольныя птахі (12, с. 245); Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры, / Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая… (12, с. 90); Плаваюць [цеплаходы], бы тыя / Лебедзі ў азёрах… (1, с. 326); Нібы курыца, ў цьме / Квокчыш ды кудахчыш [аднаасобнік] (1, с. 341); Птушкаю з выраю буду, / Пеці зязюлькай пачну (13, с. 39); Выйдзі, дзяўчынка, выйдзі, галубка (12, с. 140); Дружа мой, сокале ясны, крылаты (12, с. 249).

Назвы розных відаў птушак у параўнаннях дапамагаюць выявіць уважлівасць і назіральнасць чалавека, які традыцыйна волю атаясамліваў з птушкай (найперш з арлом, сокалам), напрыклад: Птушкай бы ляцеў, ляцеў/

Весела, разгонна (ІІ, 261); Любіў [С. Палуян] даль светлага прыволля, як арол (13, с. 9); Сачыці будзе [цень], як арліца / Дабычу сочыць над крыніцай… (13, с. 9); Як сокал, і я б мкнуў да зор… (13, с. 86); Сокалам бы вольным / Паляцеў ў свет гэты (13, с. 86); І запеў бы там песню, эй, думу сваю, / Нібы той салавейка ў цёмным бары (13, с. 79); Чэхаславакію, як ястраб, раскляваў [Гітлер] на часці (1, с. 385); Прышоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў; / Як ястраб з галубкай, так цешыцца ўволю, / Паганячы славу — дзявочую долю (13, с. 103); Як над касцямі груганы,/Крумцяць чужынцы (1, с 51); Так бы весяліўся, / Пеў аб шчасці песні / Як той верабейка

Ў садзе на чарэшні (13, с. 15); Няхай думка, як груган той, / Лётае ды крача… (1, с. 465); Збіраюцца яны [валачобнікі], як буслы ў вырай, / І ідуць пад вокны гурмай абарванай… (13, с. 12).

2.4 Назвы дрэў і раслін

Найменні дрэў, напрыклад: Я ж адзін, як над рэчкай вярбінка, / Буду жыць і цябе ўспамінаць (13, с. 22); І павыраслі ж сыночкі…; Як дубы ў полі («На Дзяды»); Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, / Як бы корань з дрэвам (13, с. 47); Як той лес, жаўнер / Ля жаўнера стаў (13, с. 51); Дажывае стара маці / Сірацінаю у хаце, / Ў соннай волі, ў чорнай долі, / Як та груша сярод поля (12, с. 150); Дзве сястрыцы жылі, / Як забытыя ў лесе каліны (12, с. 197); Душа сяўца лунаецца, як дрэўка (11, с. 78); Павалілась на зямельку [Бандароўна], / Як бярозка бела (11, с. 126).

Найменні раслін, напрыклад: Я тут — сам — адзінок, / Як бы той каласок (13, с. 41); Бо ты ж надта цёмны, браце, / Як тытун у табакерцы (12, с. 32);

Народы хіне, як калоссе (13, с. 42); Ён жыў, як кветка на мяжы, / Якую хвошча дождж і град (13, с. 44); І дзяўчына — як цвет рож, / Як лілея, так, так! (1, с. 61); Кветка — папараць абходзе, зацвіла, як мак, прыгожа (13, с. 54);

Кветка — лілія з крыніцы — / Шыйка гэтай чараўніцы; / Два букеты з незабудкі — / Маладыя яе грудкі (12, с. 86); З каласкоў вяночак — / Маладосці сведка — / На ёй зіхаціцца, / Як у садзе кветка (12, с. 116); Ты прыйдзі ка мне вясною, / Кветкаю прыйдзі (12, с. 122); Ты прыйдзі ка мне улетку, Коласам прыйдзі (12, с. 122); Да дзяўчыны — маліны / Удаваўся Януля (12, с. 123);

…А ты, сіраціна, жыві, / Як ветрам лісток адарваны (12, с. 149); Гэй ты, дзяўчына, кветка — лілея, / Вольная птушка сумнай зямліцы (12, с. 153); Шлях твой ясны, як пшаніцы / Залацісты колас (12, с. 218); Сцяг ля сцяга ўецца, / Як на градах мак чырвоны (12, с. 225); Легенды і казкі / Прыгонных законаў / Паўзуць мохам вязкім (11, с. 9); Каб доля, як мак цвіце, зацвіла, /

Каб каханне расло, як пшанічка (11, с. 83); Люлі, люлі, мой маленькі! / Спі, як кветка на прадвесні (1, с. 53).

2.5 Прыродныя з’явы

Прыродныя з’явы ва ўсіх сваіх праяўленнях непарыўна складаюць умовы жыцця селяніна — беларуса, пра што сведчаць узятыя з народнай мовы параўнанні, якія выклікаюць канкрэтныя слухавыя, зрокавыя, тактыльныя вобразы і канкрэтныя ўяўленні, напрыклад: Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы, / Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, — / Для роднай зямелькі вы — светлыя зоры (12, с. 12); І маланкай доля блісне (12, с. 13); Час, як крыніца, ідзе, не марудзе… (12, с. 115); Ўсю Беларусь — неаб’ятну, як мора, /

Ўбачыць у ясным, як сонца, святле (12, с. 115); Смела йдзе у сонцы, / Ўся сама — як сонца (12, с. 117); Як боб, буйныя слёзанькі з яе вачэй / Пасыпаліся на магілку градам (13, с. 25); Мы зложым песню, зложым сказ, / А так агністы, як пажар, / А громкі так, як грому ўдар (1, с. 150); Капаў нам на вочы яблыневы цвет, / На нас валіўся, як снег белы (13, с. 85); Крыўда — ведзьма незмянліва / Заліла, як мора (13, с. 58); Адзін ён між імі, як месяц высокі (1, с. 469); Няхай маланкай смык паедзе (13, с. 56); Ты прыйдзі ка мне увосень, / Зоркаю прыйдзі (12, с. 122); Хоць песня як і з даўных б’е часоў, — / Звініць, як вецер паміж верасоў (12, с. 161); Як крыніца, льецца, рвецца / З сэрца песня ў свет за светы (12, с. 161); Лёг па небе Шлях Млечны, шлях злепленых зорак, / Паясом — серабром без канца і пачатку / І цікуе, як месяц, з узгорку на ўзгорак (12, с. 169); Беглі векі, як ручаі (12, с. 199); Кроў цякла тваіх людзінаў, / Як Дняпро у мора (12, с. 217); Зацвіце яна, як сонца (12, с. 125); Дзе ў кветках луг ірдзеў, як неба ўноч ад зор (11, с. 84); Задзіўляе ўсіх чыста [Бандароўна], / Як зара якая (11, с. 115); Казкі - байкі ліюцца крыніцай (13, с. 48); Як дзве зоркі, яе вочы (13, с. 38); Па сэрцу б’е, як дождж па шклянай шыбе ў халады (1, с. 24); Ва ўсіх шчасце на твары вясёлкай гуляе (13, с. 22); Будзь смелым, як вецер (13, с. 16); Раптам, як гром, стрэл раздаўся (13, с. 25); Як гром, гул разнёсся… (13, с. 25); Бы толькі думка ў ім пахмура / Бліснула пад чалом, як шэрая крынічка (13, с. 49);

Хоць, як зоры, ўжо вочы не свецяць… (13, с. 38); Душа яго [гора], як тое мора, / Што ўсе ў сябе ўбірае рэкі (13, с. 38).

Паводле лексіка-тэматычнай класіфікацыі аб’екта і суб’екта, параўнанні мовы вершаваных твораў Янкі Купалы можна падзяліць на:

— параўнанні, якія характарызуюць канкрэтныя прадметы, напрыклад: Сокам чырвоным наліты гранаты, /Дружна, бы яблыкі, дрэва абселі (1, с. 327);

— параўнанні, якія характарызуюць майменні жывёл, насякомых, напрыклад: Людзей з’ядае [гарэлка], як конь сена (13, с. 47); Як шмель, / Шумела, гудзела карма ўсю ноч… (1, с. 29);

— параўнанні, якія характарызуюць майменні птушак, напрыклад: Прышоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў; / Як ястраб з галубкай, так цешыцца ўволю, / Паганячы славу — дзявочую долю (13, с. 103);

— параўнанні, якія характарызуюць майменні дрэў, раслін, напрыклад: Дажывае стара маці / Сірацінаю у хаце, / Ў соннай волі, ў чорнай долі, / Як та груша сярод поля (12, с. 150); Ты прыйдзі ка мне улетку, Коласам прыйдзі (12, с. 122);

— параўнанні, якія характарызуюць прыродныя з’явы, напрыклад: Як крыніца, льецца, рвецца / З сэрца песня ў свет за светы (12, с. 161); Лёг па небе Шлях Млечны, шлях злепленых зорак, / Паясом — серабром без канца і пачатку / І цікуе, як месяц, з узгорку на ўзгорак (12, с. 169).

3. Устойлівыя параўнанні ў мове Янкі Купалы

Сярод значнай колькасці ўстойлівых выразаў, скарыстаных у паэзіі Янкі Купалы, нямала зафіксавана фразеалагізмаў - параўнанняў, якія выяўляюць агульнамоўныя здабыткі і аўтарскую адметнасць іх адбору і ўжывання. Напрыклад: За думкаю думка снуецца, / Як нітка за ніткай з кудзелі (12, с. 152); І б’юся ж напрасна, / Як рыба аб лёд (13, с. 76); І права даю для ўсіх разам / Пладзіцца, як маку зярняты (1, с. 140); Генералаў і князяў, / Як той гразі (1, с. 33); Голы, як той кол (13, с. 46); Селі макам усе тыя, / Што нас, вольны люд, / Не шкадуючы памыяў, / Аблівалі тут (13, с. 55); Дзень і ноч, як лунь, таўкуся, / Як у пекле Марка! (13, с. 56); Вецер і хмара дахаты / Просяцца, лезуць смалой (1, с. 58); І горад вырас, як з зямлі (13, с. 39); Нямой рыбай аб лёд біся Век — вяком, / І ў магілку паваліся Бедаком (13, с. 76); Сын здароў будзе, як рыба ў вадзе… (13, с. 77); Жылі і нядолі не зналі [дочкі] - свабодна, як рыбкі ў вадзе… (13, с. 77); [Наталькі] не засталось даўно і следу, — / Як бы Дняпровай сплыў вадой… (13, с. 14); Што сеў, як мокрая варона (13, с. 14); Жыву, як ад векаў жыла (13, с. 15); І сякерай гахнуў, / Як вокам міргнуць, / Па абух ўпілася / Ў Аленіну грудзь (13, с. 18); Ляці, імчыся, думка, вышай, далей, / Як вокам стрэліць можна у блакітну даль (13, с. 18);

І па зямлі шырокай, / Як можа змерыць вока (13, с. 18); Працую, як той вол рабочы, — / Бо я мужык, дурны мужык (13, с. 18); Як з плеч гара звалілася / З нялёгкай гэнай з’явай. / З «пяцёркай» расквіталіся / І далей зноў за справу (13, с. 24); У вёсцы, так кажуць, жыве люд шчасліва, / Зжываецца з горам, і з працай, і з нівай; / У вёсцы у ціхай люд, кажуць, менш грэшыць, / Пакусаў менш мае, малым сябе цешыць, / І сцэнаў крывавых менш нойдзеш у вёсцы. / Ну, праўда ж, як грушы растуць на бярозцы (13, с. 26); Як належа, ў скрыпку рэжа / Наш музыка, наш Аўлас; / За ім следам, як за дзедам, / Б’е у бубен Апанас (13, с. 28); Як ліпу, Бельгію й Галандыю абчысціў [Гітлер]… (1, с. 385); Ён [мужычок] мужыкоў, як ліпак, / Абдзёрці ва ўсім рад… (13, с. 52);

Ціха скрозь, як у магіле (13, с. 54); Стаў жыць з жонкай удваёчку / Працавіта небарак — / На сям’ю сваю дзень, ночку, / Як мурашка, проста так… (13, с. 59); Гасцей, як вымела мятлою, / Хоць і мароз такі сярдзіты (13, с. 60); І пазіраюць спаділба, / Як бы тачыў на іх хто нож (13, с. 62); Аж трэскі - паперкі ляцелі / У чыстае поле, як пух… (1, с. 167); Абняўшы рунь, ляжыць [гаспадар], як сноп… (1, с. 40); Як сноп, зваліўся ўжо фурман (13, с. 85);

Яна [Наташа] ішла за ім [панам], як цень… (13, с. 98); Народ, што быў вякі ў прыгоне / І блукаў без пуцця, як цень (1, с. 318); Рост высокі, стан павабны, /

Ўся, як цень, павеўна [Бандароўна] (11, с. 115) і інш.

Такім чынам, на аснове прыведзеных прыкладаў, можна зрабіць вывад, што значная колькасць устойлівых выразаў, у мове вершаваных твораў Янкі Купалы, а зафіксавана іх не мала, прадстаўлена ў выглядзе фразеалагізмаў, якія займаюць сваё месца і маюць сваё значэнне, напрыклад: Тады, як з неба ці з зямлі, / Якаясь цень падходзе ў белі… (13, с. 61); Над ёй [рунню] круг сонца залаты / Плыўнём плыве, палае, йскрыцца… (13, с. 69); Як належа, ў скрыпку рэжа / Наш музыка, наш Аўлас; / За ім следам, як за дзедам, / Б’е ў бубен Апанас (13, с. 28); Стаў жыць з жонкай удваёчку / Працавіта небарак — / На сям’ю сваю дзень, ночку, / Як мурашка, проста так… (13, с. 59); Гасцей, як вымела мятлою, / Хоць і мароз такі сярдзіты (13, с. 60).

Заключэнне

Паэтычныя творы Янкі Купалы адлюстроўваюць яго думкі, перадаюць пачуцці. І ўсё гэта перададзена з дапамогай слова, праз якое аўтар выказвае сваё мастацкае ўспрыманне свету, адлюстроўвае свой час і навакольны свет і ўздзейнічае на слухача-чытача. Майстэрскае валоданне словам дазволіла паэту здзівіць чытача той лёгкасцю, эстэтычнасцю формы і глыбінёй зместу, той музыкальнасцю сваіх твораў і разнастайнасцю іх рытмаў, мелодыкі, багаццем лексічных рэсурсаў і сэнсавай шматпланавасцю паэтычнага слова.

Адметнасць купалаўскіх параўнанняў у іх «прыземленасці», прывязанасці да звычайных з’яў, канкрэтных рэалій жыцця. Але па — майстэрску ўведзеныя ў тэкст, яны служаць трапнай і вобразнай аналогіяй да таго, пра што піша паэт. Нярэдка гэта звязана з спалучанасцю параўнанняў, метафар і эпітэтаў, калі адно другое ўводзіць, працягвае, дапаўняе, узмацняючы ўздзеянне, тлумачачы, падкрэсліваючы навізну і вобразнасць успрымання.

Майстэрства паэта выяўляецца не толькі ў выбары трапных, вобразных параўнанняў, але і суб’екта для параўнання і асабліва ва ўменні кампанаваць параўнанні з іншымі моўнымі адзінкамі.

Аналіз параўнанняў у мове паэзіі Янкі Купалы дае падставы зрабіць вывад, што яны — неад’емны, колькасны і якасна значны элемент у структуры яго паэтычных твораў, што параўнанні складаюць індывідуальна-творчую адметнасць яго стылю, а вобразныя асацыяцыі паэта абумоўлены найперш яго светапоглядам, зместам, задачамі твора і пэўнымі ідэйна-вобразнымі сувязямі з часткай кантэксту ці ўсім творам.

Пры дапамозе параўнальных канструкцый Янка Купала ярка прадстаўляе сваю творчасць, пры дапамозе іх ствараецца ўражанне неаб’емнай прыгажосці, хараства дзейнасці аўтара. Параўнанні ў мове аўтара даюць падставы для асмыслення пачутага, для яго пераасмыслення.

Паводле спосабу выражэння можна выдзеліць наступныя тыпы параўнанняў мовы вершаваных твораў Янкі Купалы:

параўнальны зварот,

творны параўнання,

формы ступені параўнання прыметніка ці прыслоўя,

лексічны спосаб,

даданы параўнальны сказ.

Лексіка-тэматычная класіфікацыя аб’екта і суб’екта параўнання дазваляе вызначыць найбольш колькаснае выкарыстанне параўнанняў з канкрэтнымі прадметамі, назвамі жывёл, птушак, дрэў, раслін, прыродных з’яў.

Значнае месца ў мове вершаваных твораў Янкі Купалы займаюць устойлівымі спалучэннямі. Параўнанні, прадстаўленыя фразеалагізмамі, складаюць вельмі цікавы пласт, над якім трэба думаць і працаваць.

Спіс літаратуры

купала параўнання лексіка

1 Купала, Я. Збор твораў у сямі тамах Т.7 / Я. Купала. — Мінск: Навука і тэхніка, 1974. — 591 с.

2 Ляшчынская, В. А. Слова ў паэзіі Янкі Купалы / В. А. Ляшчынская. — Мінск: Беларуская навука. 2004. — 272 с.

3 Іўчанкаў, В. І. Тыпы параўнанняў у творах У. Караткевіча і іх структура / В. І. Іўчанкаў // Беларуская лінгвістыка. — Вып. 32. — 1987. — С. 24 — 30.

4 Малажай, Г. М. Параўнальныя канструкцыі / Г. М. Малажай // Бел. мова. Энцыклапедыя. — Мінск: Бел. Энцыкл., 1994. — С. 414 — 415.

5 Рабкевіч, В. І. Творны параўнання / В.І. Рабкевіч // Беларуская лінгвістыка, № 4, 1973. — С. 46 — 49.

6 Рагойша, В. П. Паэтычны слоўнік / В. П. Рагойша. — Мінск: Вышэйшая школа, 1979. — С. 47 — 50.

7 Шкраба, Р. В. Беларуская савецкая літаратура / Р. В. Шкраба. — Мінск: Народная асвета, 1992. — С. 17 — 33.

8 Навуменка, І. Я. Янка Купала / І. Я. Навуменка. — Мінск: Вышэйшая школа, 1980. — 205 с.

9 Юрэвіч, У. Янка Купала. Нарыс жыцця і творчасці / У. Юрэвіч. — Мінск: Народная асвета, 1983. — 207 с.

10 Ярош, М. Р. Пясняр роднай зямлі / М. Р. Ярош. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982. — 344 с.

11 Купала, Я. Паэмы / Я. Купала. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1978. — 192 с.

12 Купала, Я. Вершы: / Я. Купала; уклад. А. А. Сляпцова. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. — 270 с.

13 Ляшчынская, В.А. Слоўнік параўнанняў у мове мастацкіх твораў Янкі Купалы / В. А. Ляшчынская, З. У. Шведава. — Гомель: УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны», 2004. — 104 с.

ПоказатьСвернуть
Заполнить форму текущей работой