Аналіз складаназалежных сказаў у творчасці У. Караткевіча

Тип работы:
Курсовая
Предмет:
Литературоведение


Узнать стоимость

Детальная информация о работе

Выдержка из работы

Змест

Уводзіны

Глава 1. Складаназалежныя сказы з даданымі часу ў межах складаных сказаў

1.1 Агульнае паняцце складаназалежнага сказа

1.2 Роля падпарадкавальных злучнікаў і злучальных слоў у складаназалежным сказе

1.3 Асноўныя адметнасці складаназалежных сказаў з даданымі часу

Глава 2. Складаназалежныя сказы з даданай часткай часу ў творы У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

2.1 Складаназалежныя сказы з даданай часу ў творы з пункту погляду адносін адначасовасці - неадначасовасці

2.2 Класіфікацыя складаназалежных сказаў з даданымі часткамі часу ў залежнасці ад сродкаў сувязі паміж часткамі

2.3 Класіфікацыя сказаў у залежнасці ад адносін паміж часткамі

Заключэнне

Спіс літаратуры

Уводзіны

Калі гаварыць пра складаназалежныя сказы ў цэлым, то трэба адзначыць, што яны характарызуюцца разнастайнасцю будовы, відаў адносін паміж часткамі і сродкаў іх сувязі. Адзінай класіфікацыі гэтых сказаў не існуе. У беларускім мовазнаўстве найбольш пашырана структурна-семантычная класіфікацыя, якая ўлічвае структуру прэдыкатыўных частак і характар адносін паміж імі. Згодна з гэтай класіфікацыяй выдзяляюцца наступныя віды даданых частак: дзейнікавыя, выказнікавыя, азначальныя, дапаўняльныя, акалічнасныя (месца, часу, прычыны, мэты, умовы, выніку, уступкі, спосабу дзеяння, меры і ступені), параўнальныя, далучальныя.

Актуальнасць тэмы, абранай намі для даследавання ў дадзенай курсавой рабоце, тлумачыцца, у асноўным, недастатковай распрацаванасцю яе ў лінгвістычнай літаратуры. Так, калі рабіць агляд літаратуры адпаведна тэмы даследавання, то трэба спыніцца на некаторых аўтарах, якія займаліся даследаваннем праблем складаназлучаных сказаў. Адным з вядучых у гэтай галіне з’яўляецца даследчык Шэмет Т. Я. Вядомы работы названага аўтара, у якіх ён спыняецца на аналізе складаназалежных сказаў ускладненай будовы з паслядоўным падпарадкаваннем. Аўтара таксама цікавяць адхіленні ад моўных нормаў у складаназалежных сказах ускладненай будовы. Яшчэ адна праца прысвечана парадку размяшчэння галоўнага і даданага сказаў у складаназалежных сказах ускладненай будовы з паслядоўным падпарадкаваннем.

Акрамя Шэмета Т. Я. пытаннямі ўжывання і функцыянавання складаназалежных сказаў займаўся Тулуш Т.І. Так, у прыватнасці, аўтар разглядае складаназалежны сказ як сродак інтэнсіфікацыі кампанентаў выказвання.

Такім чынам, вельмі абмежаванае кола даследчыкаў ставяць за мэту вывучэнне складаназалежных сказаў наогул і складаназалежных сказаў з даданымі часткамі часу ў прыватнасці, што пацвярджае важнасць і надзённасць вывучэння акрэсленай у тэме даследавання праблемы.

Прадметам даследавання курсавой работы з’яўляецца твор У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Аб’ект даследавання і можна акрэсліць наступным чынам: складаназалежныя сказы з даданымі часткамі часу ў творы.

Мэтай дадзенай курсавой работы з’яўляецца аналіз складаназалежных сказаў з даданымі часу ў творы У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Адпаведна мэце выдзяляюцца наступныя задачы:

1. Прааналізаваць інфармацыю пра паняцце складаназалежнага сказа ў розных мовазнаўчых крынцах;

2. Разглдзець асноўныя адметнасці складаназалежных сказаў з даданымі часу;

3. Зрабіць класіфікацыю складаназалежных сказаў з даданымі часткамі часу ў творы У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

Для практычнай часкі курсавой работы намі было сабрана 105 сінтаксічных адзінак. На аснове акрэсленага фактаграфічнага матэрыялу былі зроблены пэўныя вынікі, распрацаваны пэўныя класіфікацыі сказаў.

Глава 1. Складаназалежныя сказы з даданымі часу ў межах складаных сказаў

1.1 Агульнае паняцце складаназалежнага сказа

Складаны сказ, у якім адна састаўная частка тлумачыць другую састаўную частку і звязана з гэтай часткай з дапамогай падпарадкавальнага злучніка ці злучальнага слова, называецца складаназалежным. Такім чынам, адна з састаўных частак складаназалежнага сказа семантычна і сінтаксічнав падпарадкавана другой частцы. Адносна незалежная частка атрымала назву галоўнай, а залежная ад яе называецца даданай. Семантычныя і сінтаксічныя адносіны паміж галоўнай і даданай часткамі афармляюцца з дапамогай розных сродкаў злучнікаў або злучальных слоў; суадносін формаў слоў у складзе галоўнай і даданай частак (трывальна-часавых суадносін дзеясловаў-выказнікаў); парадку размяшчэння галоўнай і даданай частак у складаназалежным сказе; інтанацыі і інш.

Даданая частка складаназалежнага сказа можа залежаць не толькі ад галоўнай, але і ад другой даданай часткі: Я наязджаў сюды кожнае лета, бо неяк палюбіў і ціхую раку, і лазнякі над ёю, і пясчаныя пагоркі, на якіх аж да самай восені хвалюецца пад ветрам жыта.

Да адной галоўнай часткі могуць адносіцца дзве (ці больш) даданыя, якія паясняюць у галоўнай адно і тое ж слова, або розныя: Суседка ўспомніць, як сама маю калыску калыхала, як прыгажэйшае імя яна мне колісь выбірала. Не трымаўся снег доўга і на дрэвах, што стаялі ўздоўж тратуараў, асыпаўся, як пясок, бо зямля пад дрэвамі дрыжала ад машын і трамваяў.

Даданая частка можа адносіца да якога-небудзь слова ў галоўнай частцы або да ўсёй галоўнай часткі ў цэлым: Ціхаплынная і спакойная рэчка, што палавініць вёску, хлынула на палеткі, лугі, агароды. Туман яшчэ не паспеў зусім асесці, хоць на вёсцы яго і не было ўжо. У першым сказе даданая частка адносіцца да слова рэчка і паясняе яго (рэчка якая?), у другім — да ўсёй галоўнай часткі (туман не паспеў асесці нягледзячы на што?)

У некаторых складаназалежных сказах даданая частка паясняе якое-небудзь слова ў галоўнай не непасрэдна, а праз указальнае слова, якое выконвае функцыю пэўнага члена сказа. У такім выпадку даданая частка раскрывае сэнс указальнага (адноснага) слова (там, тут, туды, тады, такі, столькі) і выконвае тую ж сінтаксічную функцыю, што і гэтае слова: Калі ж у крыўдзе мне сябры гразіліся падчас бацькамі, тады хацелася наўзрыд заплакаць шчырымі слязамі. Тады — акалічнасць часу і даданая частка акалічнасная часу. Яна ўбачыла наперадзе тое месца, дзе раней было сяло. Тое — азначэнне і даданая частка азначальная.

Наяўнасць у галоўнай частцы ўказальных слоў, якія не з’яўляюцца паўназначнымі, пазбаўляе галоўную частку сэнсавай закончанасці, робіць даданую частку абавязковай: Выйшла так (як іменна?), што Ціхамір яшчэ падлеткам паехаў жыць у Сібір, да дзядзькі, бацькавага брата.

Складаназалежныя сказы, у якіх даданая частка паясняе якое-небудзь слова (указальнае слова, назоўнік, дзеяслоў, прыслоўе) у галоўнай частцы, называюцца сказамі з нерасчлянённай структурай: складаназалежныя сказы, у якіх даданая частка паясняе ўсю галоўную частку — сказамі з расчлянённай структурай.

Паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежнага сказа выражаюцца розныя адносіны: суб’ектныя, працэсуальныя, азначальныя, аб’ектныя, акалічнасныя. Так, у сказах з суб’ектнымі адносінамі даданая частка раскрывае сэнс дзейніка галоўнай часткі, а працэсуальная — выказніка, у сказах з аб’ектнымі адносінамі даданая частка з’яўляецца разгорнутым дапаўненнем пры дзеяслове — выказніку галоўнай часткі. Від сінтаксічных адносін паміж састаўнымі часткамі складаназалежнага сказа залежыць ад абедзвюх частак.

Словы, у якіх сувязь паміж даданай і галоўнай часткамі выражаецца пры дапамозе злучнікаў, называюцца сказамі са злучнікавым падпарадкаваннем, а сказы, у якіх даданая частка звязваецца з галоўнай пры дапамозе злучальнага (адноснага) слова, называюцца сказамі з адносным падпарадкаваннем.

У сказах з адносным падпарадкаваннем сувязь даданай часткі з галоўнай значна цяснейшая, чым у сказах са злучнікавым падпарадкаваннем. Для прыкладу варта параўнаць такія сказы: Ён здагадваецца, што я чытаю./ Ён ведае, што я чытаю.

Да злучальных слоў адносяцца займеннікі і прыслоўі які, каторы, чый, хто, што, колькі, дзе, куды, адкуль, як, чаму і інш. У большасці выпадкаў злучальныя словы маюць на сабе лагічны націск.

У галоўнай частцы складаназалежнага сказа могуць быць займеннікі і прыслоўі, якія канкрэтізуюцца ў даданай частцы. Яны з’яўляюцца адным з сінтаксічных сродкаў сувязі і выконваюць ролю ўказання на аб’ект дзеяння ці прыкметы, на розныя акалічнасці дзеяння і г. д. Такія ўказальныя словы і прыслоўі называюцца суадноснымі словамі.

Калі лексічнае значэнне суадносных слоў аслабляецца, то яны могуць поўнасцю адыходзіць к даданай частцы і станавіцца часткай складанага злучніка: таму што, для таго каб, у той час як, тады як.

У залежнасці ад адносін паміж састаўнымі часткамі складанага сказа і пэўных груп злучнікаў, злучальных слоў, вылучаюцца складаназалежныя сказы з даданымі азначальнымі, часу, месца, умовы, прычыны, мэты.

Складаназалежныя сказы з даданымі азначальнымі маюць у сваім складзе залежную частку, якая характарызуе прадмет, дзеянне, стан абазначаны пэўным словам галоўнай часткі: Вось тая хвоя з вехаю, ад якой трэба ступіць колькі крокаў направа; Вада збярэцца такая, што аднойчы разбурыць усё. Сродкам сувязі выступаюць злучальныя словы які (каторы), чый, што, хто, дзе, куды, адкуль, калі, як і злучнікі нібы, быццам, каб.

Залежная частка можа азначаць у галоўнай любы член сказа.

Розныя віды адносін паміж часткамі складаназалежных сказаў афармляюцца з дапамогай наступных сродкаў: падпарадкавальных злучнікаў і злучальных слоў, указальных слоў, парадку размяшчэння частак, форм дзеясловаў-выказнікаў.

Даданая частка можа стаяць перад галоўнай, у сярэдзіне або пасля яе: Калі прыходзіць час класці ікру, вугор плыве са свайго возера ці рэчкі ў вялікую раку, пасля ў Балтыку, адтуль у Атлантычны акіян і ўрэшце дасягае змрочных глыбінь Саргасава мора. Ля ўзгорка, куды звозілі матэрыялы, усё часцей з усіх бакоў ішлі нагружаныя падводы. Я думаю, што птах забыўся пра сваё жыццё на Жураўліным балоце.

Месца даданай часткі ў адносінах да галоўнай не заўсёды з’яўдяецца свабодным. Так, у складаназалежных сказах з прычынна-выніковымі адносінамі даданая выніковая частка заўсёды знаходзіцца пасля галоўнай: Адкукавала зязюля, то хутка і восень.

1.2 Роля падпарадкавальных злучнікаў і злучальных слоў у складаназалежным сказе

Падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя словы з’яўляюцца асноўным сродкам сувязі частак складаназалежнага сказа.

Падпарадкавальныя злучнікі што, як, калі, бо, каб, таму што, быццам, нібы, хоць і іншыя знаходзяцца ў даданай частцы і служаць толькі для сувязі даданай часкі з галоўнай. Як службовыя словы, яны не могуць быць членамі сказа і выдзяляюцца лагічным націскам: Далей хлопцы ідуць па дарозе, бо наперадзе суцэльнай сцяной стаіць яловы лес. Ён пакінуў Лясныя Дачы, каб нішто больш не нагадвала яму там аб непапраўнай страце.

Калі для сувязі частак складаназалежнага сказа ўжываюцца парныя злучнікі (чым — тым, калі - то, хоць — а, хоць — але, раз — то і інш.) то першая іх частка знаходзіцца ў даданай, а другая — у галоўнай частцы: Чым бліжэй яны падыходзілі да хвойнічку, тым усё нецярплівей рабілася на душы ў лейтэнанта. Калі Чабатару бывае нечым незадаволены, то пачынае сам з сабою размаўляць.

Падпарадкавальныя злучнікі огуць звязваць часткі з адным або некалькімі відамі адносін паміж імі.

Прычынныя злучнікі таму што, бо уступальны хоць (хаця), часавыя як толькі, пасля таго як, параўнальны бы і іншыя звязваюць часткі з адным відам адносін і сваім лексічным значэннем указваюць на гэтыя адносіны. Так, паміж часткамі сказа Сястра паправіла падушку і, хоць ёй не было чаго тут рабіць, стаяла заклапочаная, асабліва ўважлівая — уступальныя адносіны, на іх указвае сваім значэннем і злучнік хоць.

Некоторыя падпарадкавальныя злучнікі могуць звязваць часткі з рознымі відамі адносін. Варта параўнаць сказы: Заўжды ён баяўся, каб сіла абставін не загнала яго ў кут без якой магчымасці выйсця або адступлення. Алесь устаў і, каб нікога не патрывожыць, асцярожненька адчыніўшы дзверы, выйшаў на двор. У першым сказе злучнік каб звязвае часткі, паміж якімі аб’ектныя адносіны, у другім — акалічнасныя (мэты).

Злучальныя словы (адносныя займеннікі хто, што, які, чый і займеннікавыя прыслоўі (дзе, куды, адкуль, куды, як) не толькі звязваюць даданую частку з галоўнай, але выконваюць таксама ролю пэўнага члена сказа ў даданай частцы, могуць выдзяляцца лагічным націскам. Так, у сказе Цудоўны і слаўны наш Наваградак, горад на высокіх узгорках, які ў далёкія часы быў сталіцай Вялікага княства Літоўскага злучальнае слова які звязвае даданую частку з галоўнай і выконвае ролю дзейніка ў даданай частцы.

Злучальныя словы, як і падпарадкавальныя злучнікі, знаходзяцца ў даданай частцы. Яны могуць стаяць не толькі ў пачатку даданай часткі, але і ў сярэдзіне яе: За акном, каля якога стаяла Люда, неспакойны і злосны асенні вецер тузаў маладыя бярозкі, зрываў з іх пажоўклае лісце. Кожны мае дружбака такога, захавана ў сэрцы да якога прыязні даўнейшай цеплыня.

Злучальныя словы (адносныя займеннікі) могуць ужывацца ў форме ўскосных склонаў як без прыназоўніка, так і з прыназоўнікам; форма злучальнага слова абумоўлена тым, функцыю якога члена сказа ў даданай частцы яно выконвае. Можна, напрыклад, параўнаць наступныя сказы: Самалёты былі далёка над дарогай, што вяла сюды, к пераезду. Чаго сабе не хочаш, другому не зыч. У першым сказе злучальнае слова што мае форму назоўнага склону: яно выконвае функцыю дзейніка ў даданай частцы; у другім — злучальнае слова чаго мае форму роднага склону, яно выконвае ролю дапаўнення.

З дапамогай адных і тых жа злучальных слоў могуць звязвацца часткі з рознымі відамі адносін: Дзе гультай ходзіць, там зямля не родзіць. Раней за ўсё трэба было знайсці зручнае месца для пераправы, месца, дзе рака мае найменшую глыбіню, спакойную плынь, бераг з павольным схілам, роўнае, без ям, дно. У першым сказе з дапамогай злучальнага слова дзе звязваюцца часткі з акалічнаснымі адносінамі, у другім — з азначальнымі.

У беларускай мове існуюць аманімічныя злучнікі і злучальныя словы (што, як, калі, чым): Сцяпан Фёдаравіч ведаў, што наперадзе яшчэ нялёгкі бой, але думкамі і сэрцам быў ужо ў горадзе. Весела пазірае стары лес, што разросся за сялом і цягнецца па краях поля.

У першым сказе што злучнік ён звязвае часткі складаназалежнага сказа; у другім — злучальнае слова: звязвае часткі складаназалежнага сказа і з’яўляецца дзейнікам у даданай частцы.

Такім чынам, пры размеркаванні злучнікаў і злучальных слоў улічваецца роля, якую яны выконваюць у складаназалежным сказе.

1.3 Асноўныя адметнасці складаназалежных сказаў з даданымі часу

Паміж галоўнай і даданай часткай часу ў складаназалежным сказе выражаюцца часавыя адносіны. Даданая частка часу паясняе выказнік галоўнай часткі і ўказвае на час, у які адбываецца дзеянне, або канкрэтызуе сэнс акалічнасці часу галоўнай часткі: Да школы ён падышоў, калі ўжо добра пачало прыпякаць сонца. Калі добра сцямнела, пачалі выпраўляцца. Вярнуліся дадому позна, калі ўжо сонца паднялося над лесам, высушыл расу. Ужо цямнела тады, калі хлопцы ўвайшлі ў горад.

Дзеянні, пра якія паведамляецца ў галоўнай і даданай частках, могуць адбывацца ў адзін і той жа час або ў розныя часы, а таму часавыя адносіны маюць дзве разнавіднасці - адносіны адначасовасці і неадначасовасці. На гэтыя адносіны паказваюць адаведныя падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя словы, парадак размяшчэння частак і трывальна-часавыя суадносіны выказнікаў галоўнай і даданай частак.

Складаназалежныя сказы часу, выступаючы адным з частковых сродкаў выражэння агульнай катэгорыі тэмпаральнасці, маюць выразна акрэсленыя паказчыкі граматычнай структуры, а менавіта: спецыяльныя злучнікі, злучальныя словы, трывальна-часавыя формы выказнікаў. Трывальна-часавыя формы характарыстыкі выказнікаў галоўнага і залежнага сказаў, паколькі яны марфалагічныя па сваёй аснове, становяцца аднымі з асноўных сінтаксічных паказчыкаў у структуры складаназалежнага сказа з залежнымі часткамі часу.

Роля трывальна-часовых паказчыкаў выказніка галоўнага і залежнага сказаў у выражэнні структурных паказчыкаў складаназалежнага сказа з даданай часу нельга, вячдома, разглядаць як вынік непасрэднага перанясення інфармацыі марфалагічных характарыстык дзеяслова на граматычны план складанай сінтаксічнай канструкцыі. Складаназалежны сказ з даданай часу фарміруецца не ў выніку прамой сукупнасці марфалагічных катэгорый віду і часу, а як вынік выкарыстання паведамлення пра вызначанае дзеянне ці стан для выражэнне тэмпаральных характарыстык, больш шырокіх па сваім аб’ёме ад марфалагічна часовых, налажаць, у прыватнасці, такія, як: адначасовасць, паслядоўнасць, поўнае ці частковае супадзенне працягу дзеяння ці стану, указанне на пачатак ці канец працягу аднаго дзеяння ці стану ў сувязі з паведамленнем пра другое.

Вызначаючымі семантычнымі кампанентамі, якія фарміруюць часовыя адносіны ў складаназалежных сказах са значэннем часу, з’яўляюцца дзеяловы-выказнікі з палярнымі значэннямі аначасовасці і неадначасвасці.

Складаназалежныя скаазы са значэннем адначасовасці і неадначасовасці адрозніваюцца паміж сабой характарам выражэння сэнсавых адносін і вызначанымі структурна-семантычнымі адносінамі.

Сувязь даданай часткі з галоўнай рэалізуецца з дапамогай злучнікаў калі, як, пакуль: Пагрузка дэсантнікаў на карабль пачалася ўжо вечарам, калі згусціўся змрок. Нас да саміх сябе бяда вяртае, як адыходзяць мамы ў нашы сны. Алена нахілілася да вуголля і пачала дзьмухаць, пакуль не ўспыхнуў вясёлы агеньчык.

Сродкамі сувязі даданай часткі часу з галоўнай могуць стаць састаўныя злучнікі у той час як, перад тым як, да таго часу калі: Да таго як пачаўся сход, сяляне гаманілі аб сваіх справах. Пасля таго як зайшло сонца, над рэчкай падымаецца густы туман.

У ролі злучнікаў таксама ўжываюцца і некаторыя часціцы (ледзь, толькі, ледзь толькі, толькі што): Адразу, ледзь надзеў кіцель, на хаду зашпільваючыся, Чарняхоўскі пайшоў да ганка. Уранку, толькі бойка адгула, баец ішоў па вуліцы сяла. Як толькі сонца згоніць снег з высокіх лапінак, яны становяцца нашымі стадыёнамі.

Пры адносінах адначасовасці паміж галоўнай і даданай часткамі ў абедзвюх частках паведамляецца пра падзеі, факты, якія адбываюцца ў адзін час. На адначасовасць дзеянняў паказваюць злучнікі пакуль, калі, у той час як і форма незакончанага трывання дзеясловаў-выказнікаў у галоўнай частцы і незакончанага — у даданай: Яго чорныя вочы цяплелі і, здавалася, святлелі, калі ён пачынаў гаварыць пра гісторыю. Пакуль Півавараў ішоў па ягоным следзе, Іваноўскі адшпіліў рамяні лыж і сышоў на снег.

Пры адносінах неадначасовасці паміж галоўнай і даданай часткамі дзеянне, якое называецца ў галоўнай частцы, адбываецца пасля або перад дзеяннем, якое называецца ў даданай частцы. Калі дзеянне галоўнай часткі адбываецца адразу пасля дзеяння даданай, то ўжываюцца злучнікі ледзь, толькі, ледзь толькі, пасля таго як і дзеясловы-выказнікі ў адной трывальнай форме, часцей — закончанага трывання: Ледзь параход прышвартаваўся да прычала, як на каменнай пляцоўцы на беразе сталі збірацца людзі. Як толькі канчалася работа ў школах, настаўнікі з’язджаліся на лета да бацькоў. Пераехалі Галкоўскія ў Зацішша ў пачатку кастрычніка, пасля таго як згарэў перад боем Зялёны Бор.

Калі дзеянне галоўнай часткі папярэднічае дзеянню даданай часткі часу, для сувязі частак ўжываюцца злучнікі перад тым як, да таго як і дзеялоў-выказнік у даданай частцы абавязкова мае форму закончанага трывання.

Сярод складаназалежных сказаў з часавымі адносінамі паміж галоўнай і даданай часткамі сустракаюцца сказы, у якіх злучнік як самастойна не звязвае даданую частку з галоўнай, а толькі ў спалучэнні з выказнікам галоўнай часткі - дзеяловам з адмоўем не (не паспеў - як, не прайшло — як): Не паспелі хлопцы апамятацца, як засохлае сена палыхнула агнём. Не прайшло і некалькі мінут, як агні ўспыхнулі на балоце.

Даданая частка часу можа размяшчацца перад галоўнай часткай, у сярэдзіне або пасля яе: Пакуль Сцёпка гойсаў па вакоіцы з сябрамі, Мірон Патапавіч на адзіноце думаў пра сваё. За пагоркам, як схавалася з вачэй вёска, угледзелі раптам чалавека. Вечарам, калі на небе запальваліся першыя зоры, падарожнікі спыніліся на начлег. Яны прыехалі ў райцэнтр ужо тады, калі лунала над яго нешырокімі цяністымі вуліцамі ўрачыстая песня аркестра. Дамоў Сяргей паехаў надвячоркам, калі пачалі гусцець прыцемкі.

Глава 2. Складаназалежныя сказы з даданай часткай часу ў творы У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

2.1 Складаназалежныя сказы з даданай часу ў творы з пункту погляду адносін адначасовасці - неадначасовасці

Сярод складаназалежных сказаў з даданай часу заўважаецца семантычны падзел, сэнс якога заключаецца ў адносінах адначасовасці ці неадначасовасці паміж галоўнай і даданай часткамі сказа.

З такім падзелам непасрэдна звязана і абумоўлена рознае выкарыстанне злучнікаў і злучальных слоў для сувязі галоўнай і даданай частак.

Нступныя прыклады могуць праілюстраваць наяўнасць адносін адначасовасці ў складаназалежных сказах:

Ты шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлі [1; С. 15];

Іхнія вочы былі такія глыбокія і такія добрыя, якія бываюць толькі ў чалавечай маці, калі яна глядзіць на сваё дзіця [1; С. 43];

Калі яны падыходзілі да круга гонару, на ім кідалі павады на рукі слугам два чалавекі [1; С. 93];

Калі дзеці падышлі да Загорскіх, Мусатаў ужо сядзеў перад імі [1; С. 93];

І гэта адбывалася ў той час, калі па ўсім Прыдняпроўі звычаёвае права прадугледжвала два дні паншчыны [1; С. 111];

Перш за ўсё ён перстаў залічваць вознікам дарогу, калі яны вярталіся паражняком [1; С. 113];

Маці, калі была маладая, часамі ціхутка спявала ўначы на прызбе [1; С. 130];

Увесь час, пакуль цягнуўся памол, завознікі і млынар не абмовіліся і словам [1; С. 131];

Сонца ўзыходзіла за спінаю, калі яны ўз'ехалі на адзін такі горб [1; С. 151];

Прайшлі і тыя шчаслівыя дні, калі ўсе былі побач [1; С. 154];

Алма спакойна сядзела на лузе, часам дрыжучы, калі праязджалі паўз хмызы [1; С. 158];

Адносіны адначасовасці ў складаназалежных сказах перадаюцца з дапамогай спецыяльных злучнікаў і злучальных слоў. Так, часцей за ўсё такія адносіны выражаюцца сродкамі злучніка калі:

Калі Павел і Алесь вярнуліся да прызбы, дзед сядзеў ужо з пацьмянелай, залапанай лірай на каленях [1; С. 18];

Заўважыла яшчэ тады, калі ён проста і натуральна падаў ёй руку [1; С. 161];

Аднакласнік Алесеў адарваўся ад ежы і, калі Алесь праходзіў паўз яго, акінуў позіркам [1; С. 332];

А ўлетку, калі ён жыў у Загоршчыне, бацька вазіў яго то на воды, то ў госці да цётак [1; С. 347];

Таму Міхаліна нават узрадавалася, калі перад мазуркай убачыла ля калоны двух сяброў [1; С. 351];

Абуджаліся раней за сонца, сустракалі ўсход, праводзілі сонца, калі яно, нізкае, адбіваецца ў вокнах [1; С. 154];

Вёска спала, калі Лапата ехаў вуліцай [1; С. 122];

Прыйдзе, калі цябе няма, і давай шныпарыць [1; С. 132];

Выйшлі з двара надвячоркам, калі ўздоўж вуліцы наскрозь ружавеў ад сонца пыл [1; С. 133];

Другім па частаце ўжывання злучнікам, з дапамогай якога ажыццяўляецца сувязь даданай часткі з галоўнай у складаназалежным сказе, з’яўляецца злучнік пакуль. Так, зафіксавана некалькі прыкладаў ужывання названага злучніка:

Пакуль на бабінцы рыхтаваліся, матуля з кумою пайшлі па цвінтары прайсціся [1; С. 310];

І нічога, нічога ж з ім нельга зрабіць, пакуль ён бандыцкім баронам сядзіць у сваіх вёсках [1; С. 226];

Пакуль крамы бацькоўскі тавар бяруць, паходзім, паслухаем [1; С. 274];

Акрамя таго, зафіксаваны адзінкавы выпадак ужывання злучніка як у названых абставінах: Дзяўчына была б, ды певень закукарэкаў, як мелася раджаць[1; С. 27];

Акрамя адносін адначасовасці ў складаназалежных сказах з даданай часткай часу, у творы «Каласы пад сярпом тваім» былі зафіксаваны сказы аналагічнай будовы з адносінамі неадначасовасці.

Адносіны неадначасовасці паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежнага сказа можна праілюстраваць наступнымі прыкладамі:

Доўга нічога не мог даведацца, пакуль адна старая не расказала [1; С. 9];

Яго не адпусцілі нават тады, калі Алесь трапіў на дзядзькаванне [1; С. 64];

І, перш чым ён паспеў працягнуць да яе руку, яна скочыла ўбок [1; С. 105];

І таму натоўп радасна выбухнуў, калі нехта кінуў [1; С. 117];

Выкладчык, перад тым як скончыўся курс, рабіў агляд літаратуры [1; С. 332];

Ды ён, пасля яе хулы на Бога, і сапраўды быў апошнім выратаваннем [1; С. 170];

А потым, калі Карсіканец сапраўды загрымеў, з Пецярбургу прыехаў рэвізор [1; С. 181];

У адрозненні ад складаназалежных сказаў з адносінамі адначасовасці, сказы, што выражаюць неадначасовасць падзей маюць больш разнастайныя сродкі для выражэння гэтых адносін. Так, для ажыццяўлення названай функцыі выкарыстоўваецца часціца толькі, як толькі:

І толькі пачуўся стрэл Кандрація, ён зразумеў, што трэба пачынаць [1; С. 279];

Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тады Алесь вызваліў локаць [1; С. 334];

І вось, як толькі сын перастаў патрабаваць увагі, пачалося згасанне [1; С. 165];

Шырока выкарыстоўваецца ў складаназалежных сказах з адносінамі неадначасовасці і злучнік калі:

Калі ж гэтае сядзенне скончылася, дзед загадаў пакінуць парк у спакоі [1; С. 186];

Калі завознікі паехалі, млынар, трошкі супакоены, пайшоў да імшаніка [1; С. 132];

І нават калі горад знік, вецер яшчэ часамі даносіў водгулле званоў [1; С. 293];

Акрамя таго, зафіксаваныя прыклады сказаў, у якіх адносіны неадначасовасці перадаюцца з дапамогай састаўнога злучніка пасля таго як:

Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове [1; С. 233];

Было гэта праз некалькі год пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад «Кароны» [1; С. 8];

Калі гаварыць пра частотнасць ужывання складаназалежных сказаў з даданымі часу ў залежнасці ад адносін паміж часткамі, то трэба адзначыць, што большасць (57, 9%) зафіксаваных у творы сказаў маюць адносіны адначасовасці. Адносіны неадначасовасці назіраюцца толькі ў 42, 1% зафіксаваных на базе твора сказаў.

2.2 Класіфікацыя складаназалежных сказаў з даданымі часткамі часу ў залежнасці ад сродкаў сувязі паміж часткамі

Зыходзячы з фактычнага матэрыялу, сабранага на базе твора У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», можна зрабіць вывад пра тое, што найбольш распаўсюджаным злучнікам, які ўжываецца для сувязі галоўнай і даданай частак у складаназалежных сказах, з’яўляецца злучнік калі. Дадзены факт можна праілюстраваць наступнымі прыкладамі:

Яны пайшлі ў лазню ўдвух, калі стары адчуў набліжэнне смерці [1; С. 11];

А калі нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей і далей, да апошняга далёкага мора [1; С. 13];

Ты шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлі [1; С. 15];

Калі Павел і Алесь вярнуліся да прызбы, дзед сядзеў ужо з пацьмянелай, залапанай лірай на каленях [1; С. 18];

І апынуўся на скрыжаванні якраз тады, калі на Раўбічавай званіцы звон пачаў быць [1; С. 33];

І радасна стала ўсім, калі хлопец выйшаў на бераг і абое пайшлі дахаты [1; С. 34];

Нех толькі пані не лае Выбіцкага, калі ў дзіцяці забаліць галоўка [1; С. 41];

Прайшоў той час, калі на зямлі былі толькі Адам і Ева [1; С. 42];

Яго не адпусцілі нават тады, калі Алесь трапіў на дзядзькаванне [1; С. 64];

Англічаніна і настаўніка дзяржаўнай мовы бацька абяцаў запрасіць толькі ўвосень, калі прадасць ураджай [1; С. 65];

І гэта адбывалася ў той час, калі па ўсім Прыдняпроўі звычаёвае права прадугледжвала 2 дні паншчыны [1; С. 111];

Вёска спала, калі Лапата ехаў вуліцай [1; С. 122];

Маці, калі была маладая, часамі ціхутка спявала на прызбе [1; С. 130];

Калі завознікі паехалі, млынар пайшоў да імшаніка [1; С. 293];

Сонца села, калі яны звярнулі з загоршчынскай дарогі на вузейшую, якая вяла на Раўбічы [1; С. 136];

Паскараў усё гэта дзень, калі пан Юры збіраўся на першае сапраўднае паляванне [1; С. 147];

Урэшце, калі прыбралі са стала, матуля сказала [1; С. 155];

Калі князь выпадкова аказаўся побач, яна не вытрымала [1; С. 161];

Падлічылі шары позна ўвечары, калі за вокнамі ўжо гарэлі гарадскія агні [1; С. 233].

Таксама дастаткова часта (але значна радзей за папярэднюю групу) ўжываецца дзеля сувязі галоўнай і даданай частак складаназалежных сказаў злучнік пакуль. Так, зафіксаваны наступныя прыклады, што пацвярджаюць названы факт:

Доўга нічога не мог даведацца, пакуль адна старая не расказала [1; С. 9];

Паслухайце, пакуль нашы не вернуцца [1; С. 19];

Або, можа, вам сапраўды цяжка, а пакормнае і дзядзькавае, пакуль не аддасцё мяне, не належыцца [1; С. 28];

Яна ж таксама з вуніятаў была, аж пакуль іх ад вуніі не адвялі [1; С. 31];

І так будзе, пакуль я не знайду таго, каго палюблю [1; С. 63];

Заўтра іх (валасы) падкароцяць, і такімі яны будуць, пакуль ты не станеш сапраўдным мужам [1; С. 79];

Увесь час, пакуль цягнуўся памол, завознікі і млынар не абмовіліся і словам [1; С. 138];

Так цягнулася доўга, аж пакуль у Загоршчыне, Азярышчы, Вежы, Святым і іншых вёсках, не зараўлі гарматы [1; С. 159];

Ён сядзеў так і чакаў, аж пакуль старая нянька Яўдоха не падышла да яго [1; С. 171];

І ўвесь час, пакуль ён, знешне спакойны, хаваў яе, прымаў спачувальнікаў і насіў жалобу, у душы яго жыў нясцерпны гнеў [1; С. 172];

Тэкля не магла пачакаць, пакуль паедуць [1; С. 345];

Пакуль на бабінцы рыхтаваліся, матуля з кумою пайшлі па цвінтары прайсціся [1; С. 310];

Звер ніколі не бяжыць з лежкі, пакуль не крычаць загоншчыкі [1; С. 284].

Дастаткова невялікай у колькасных адносінах з’яўляецца група складаназалежных сказаў, дзе галоўная і даданая часткі звязваюцца паміж сабой злучнікам як. Да гэтай жа групы можна аднесці сказы з састаўнымі злучнікамі пасля таго як, перад тым як:

Было гэта праз некалькі год пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад"Кароны" [1; С. 8];

Дзяўчына была б, ды певень закукарэкаў, як мелася раджаць [1; С. 27];

Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове [1; С. 233];

Выкладчык, перад тым як скончыўся курс, рабіў агляд літаратуры [1; С. 332].

Акрамя адзначаных вышэй простых і састаўных злучнікаў для сувязі частак у складаназалежным сказе з даданымі часкамі часу могуць ужывацца і некаторыя часціцы. Так, у зафіксаваным намі матэрыяле, часцей за ўсё для сувязі частак у складаназалежных сказах выкарыстоўваюцца часціцы толькі, ледзь толькі:

Аддавалі, бывала, як толькі чатыры гады дзіцяці споўніцца [1; С. 18];

А потым, раніцай на касьбе, як толькі бацька адвернецца, дык ты галаву ў кусты і драмаць [1; С. 25];

І вось, як толькі сын перастаў патрабаваць увагі, пачалося згасанне [1; С. 165];

І толькі пачуўся стрэл Кандрація, ён зразумеў, што трэба пачынаць [1; С. 279].

Акрамя адзначаных вышэй прыкладаў, можна назваць адзінкавы выпадак ужывання злучніка перш чым:

І, перш чым ён паспеў працягнуць да яе руку, яна скочыла ўбок [1; С. 105].

2.3 Класіфікацыя сказаў у залежнасці ад адносін паміж часткамі

Даданая частка часу складаназалежных сказаў можа адносіца да якога-небудзь слова ў галоўнай частцы або да ўсёй галоўнай часткі ў цэлым. Так, сабраны намі матэрыял, утрымлівае сказы з выпадкамі адзначаных вышэй адносін. Дзеля ілюстрацыі факта, калі даданая частка часу паясняе адначасова ўсю галоўную, можна прывесці наступныя прыклады:

Доўга нічога не мог даведацца, пакуль адна старая не падказала [1; С. 9];

А калі нас не будзе, яна будзе бегчы ўсё далей і далей [1; С. 13];

Паслухайце, пакуль нашы не вярнуцца [1; С. 19];

Яна ж таксама з вуніятаў была, пакуль ад вуніі не адвялі [1; С. 31];

І, перш чым ён паспеў працягнуць да яе руку, яна скочыла ўбок [1; С. 105];

Маці, калі была маладая, часамі ціхутка спявала ўначы на прызбе [1; С. 130];

Сонца ўзыходзіла за спіною, калі яны ўз'ехалі на адзін такі горб [1; С. 151];

Алма спакойна сядзела на лузе, часам дрыжучы, калі праязджалі паўз хмызы [1; С. 158];

Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях [1; С. 175];

Буду адбівацца, калі да мяне прыдуць [1; С. 45];

Калі ж гэтае сядзенне скончылася, дзед загадаў пакінуць парк у спакоі [1; С. 186];

І нічога, нічога ж з ім нельга зрабіць, пакуль ён бандыцкім баронам сядзіць у сваіх вёсках [1; С. 226];

Твар ягоны быў жорсткі, калі ён сказаў сыну [1; С. 234];

Аблічча Раўбіча, калі на яго не глядзеў ніхто з чужых, было зусім не жаночым [1; С. 242];

Звязаўся з мяцежнікамі, калі ў нас тут дваране бунтавалі [1; С. 268].

Значна меншай па колькасці з’яўляецца група сказаў, дзе даданая частка часу паясняе толькі адно слова ў галоўнай частцы. У алежнасці ад часціны мовы, да якой належыць тое ці іншае слова, што стаіць у галоўнай частцы і паясняецца даданай часткай часу, выдзяляюцца некалькі груп. Так, зафіксавана група сказаў, дзе адзначанае слова з’яўляецца прыслоўем. Лексічнае значэнне дадзеных слоў ахоплівае род паняццяў, што паказваюць на час:

Уначы, калі хлопцы ўжо ляжалі ў сваіх ложках, да іх прыйшоў на хвіліну стары Вежа [1; С. 318];

А ўлетку, калі ён жыў у Загоршчыне, бацька вазіў яе то на воды, то ў госці да цётак [1; С. 347];

Англічаніна і настаўніка дзяржаўнай мовы бацька абяцаў запрасіць толькі ўвосень, калі прадасць ураджай [1; С. 65];

Падлічылі шары позна ўвечары, калі за вокнамі ўжо даўно гарэлі гарадскія агні [1; С. 233];

Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове [1; С. 233].

Зафіксавана некалькі выпадкаў, калі слова, што паясняецца даданай часткай часу з’яўляецца дзеясловам:

Або, можа, вам сапраўды цяжка, а пакормнае і дзядзькавае, пакуль не аддасцё мяне, не належыцца [1; С. 28];

Прыдзе, калі цябе няма, і давай шныпарыць[1; С. 132].

Зафіксаваны выпадкі, калі слова, якое паясняе даданая чатстка часу з’яўляецца назоўнікам. Часцей за ўсё, дадзены назоўнік называе час:

З таго часу, калі бацькі зразумелі, што ад двараніна смярдзіць стайняй [1; С. 242];

Прайшоў той час, калі на зямлі былі толькі Адам і Ева [1; С. 42];

Паскараў усё гэта дзень, калі пан Юры збіраўся на першае сапраўднае паляванне [1; С. 147];

Прайшлі і тыя шчаслівы дні, калі ўсе былі побач [1; С. 154].

Сустракаюцца выпадкі, калі даданая частка часу паясняе не адно слова, а цэлае словазлучэнне ў галоўнай частцы: Было гэта праз некалькі дзён пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад Кароны [1; С. 8].

У некаторых складаназалежных сказах даданая частка паясняе якое-небудзь слова ў галоўнай не непасрэдна, а праз указальнае слова, якое выконвае функцыю пэўнага члена сказа. У такім выпадку даданая частка раскрывае сэнс указальнага (адноснага) слова (у нашым выпадку, гэта часцей словы тады, потым) і выконвае тую ж сінтаксічную функцыю, што і гэтае слова:

Народ сілком скідае ярмо, менавіта тады, калі яно робіцца лягчэйшым [1; С. 320];

А потым, раніцай на касьбе, як толькі бацька адвернецца, дык ты галаву ў кусты і драмаць [1; С. 25];

І апынуўся на скрыжаванні якраз тады, калі на Раўбічавай званіцы звон пачаў біць 12 [1; С. 33];

Яго не адпусцілі нават тады, калі Алесь трапіў на дзядзькаванне [1; С. 64].

Наяўнасць у галоўнай частцы ўказальных слоў, якія не з’яўляюцца паўназначнымі, пазбаўляе галоўную частку сэнсавай закончанасці, робіць даданую частку абавязковай.

Такім чынам, можна прыйсці да высновы пра тое, што большасць прыкладаў складаназалежных сказаў з даданымі часткамі часу належаць да сказаў з расчлянёнай структурай. Зафіксавана толькі невялікая колькасць прыкладаў, якія можна аднесці да групы сказаў нерасчлянённай структуры.

Заключэнне

У выніку аналізу мовазнаўчай літаратуры па тэме курсавой, а таксама на шэрагу прыкладаў, што былі сабраны на падставе твора Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» можна прыйсці да наступных вынікаў:

Калі гаварыць пра семантычны падзел, сэнс якога заключаецца ў адносінах адначасовасці ці неадначасовасці паміж галоўнай і даданай часткамі сказа, то з ім падзелам непасрэдна звязана і абумоўлена рознае выкарыстанне злучнікаў і злучальных слоў для сувязі галоўнай і даданай частак. Адносіны адначасовасці ў складаназалежных сказах перадаюцца з дапамогай спецыяльных злучнікаў і злучальных слоў. У нашым выпадку часцей за ўсё такія адносіны выражаюцца сродкамі злучніка калі. Другім па частаце ўжывання злучнікам, з дапамогай якога ажыццяўляецца сувязь даданай часткі з галоўнай у складаназалежным сказе, з’яўляецца злучнік пакуль.

Акрамя адносін адначасовасці ў складаназалежных сказах з даданай часткай часу, у творы «Каласы пад сярпом тваім» былі зафіксаваны сказы аналагічнай будовы з адносінамі неадначасовасці. У адрозненні ад складаназалежных сказаў з адносінамі адначасовасці, сказы, што выражаюць неадначасовасць падзей маюць больш разнастайныя сродкі для выражэння гэтых адносін. Так, для ажыццяўлення названай функцыі выкарыстоўваецца часціца толькі, як толькі, злучнік калі.

Найбольш распаўсюджаным злучнікам, які ўжываецца для сувязі галоўнай і даданай частак у складаназалежных сказах, з’яўляецца злучнік калі. Таксама дастаткова часта ўжываецца дзеля сувязі галоўнай і даданай частак складаназалежных сказаў злучнік пакуль.

Дастаткова невялікай у колькасных адносінах з’яўляецца група складаназалежных сказаў, дзе галоўная і даданая часткі звязваюцца паміж сабой злучнікам як, пасля таго як, перад тым як.

Калі гаварыць пра ўжыванне часціц для сувязі частак у складаназалежных сказах, то часцей за ўсё выкарыстоўваюцца часціцы толькі, ледзь толькі.

Большасць прыкладаў у сабраным сінтаксічным матэрыяле складаназалежных сказаў з даданымі часткамі часу належаць да сказаў з расчлянёнай структурай. Зафіксавана толькі невялікая колькасць прыкладаў, якія можна аднесці да групы сказаў нерасчлянённай структуры. Значна меншай па колькасці з’яўляецца група сказаў, дзе даданая частка часу паясняе толькі адно слова ў галоўнай частцы. У некаторых зафіксаваных намі складаназалежных сказах даданая частка паясняе якое-небудзь слова ў галоўнай не непасрэдна, а праз указальнае слова, якое выконвае функцыю пэўнага члена сказа.

Спіс літаратуры

1. Караткевіч У. Каласы пад сярпом тваім. Кн.1. Выйсце крыніц. — Мн, «Ураджай», 2002. — 396 с.

2. Киселев А. И. Частицы в современных восточнославянских языках. Мн.: Издательство БГУ, — 1976, — 160 с.

3. Клюсаў Г. Н., Юрэвіч А. Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. Мн.: Вышэйшая школа, — 1972, — 280 с.

4. Лепешаў І.Я. Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора. Мн.: народная асвета, — 1981, — 159 с.

5. Міхневіч А. Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн.: Навука і тэхніка, — 1976. — 264 с.

6. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Мн.: Іздательство БГУ, — 1973, — 240 с.

7. Рагаўцоў В.І. Сінтаксіс беларускай і рускай моў. Дыскусійныя пытанні. Мн.: Універсітэцкае, — 2001, — 199 с.

8. Сінтаксіс беларускай мовы. — Мн., — 1993, — 134 с.

9. Тулуш Т. Складаназалежны сказ як сродак інтэнсіфікацыі кампанентаў выказвання //Роднае слова. — 2008, — № 7, С. 45- 50.

10. Тулуш Т.І. Тыпы складаназалежных сказаў як сінтаксічныя сродкі выяўлення інтэнсіфікацыі прыметы ў англійскай і беларускай мовах// Веснік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта. Серыя 1. Філалогія. — 2008, — № 5, С. 66 — 75.

11. Шахаб В. Складаназалежны сказ. Праграма падручніка па беларускай мове ў кантэксце вывучэння тэмы// Роднае слова, 1998, — № 12, — с. 117 — 122.

12. Шэмет Т. Складаназалежны сказ ускладненай будовы з паслядоўным падпарадкаваннем//Весці НАН РБ. Сер. Гуманітарных навук. — 2006, — № 1, С. 105 — 111.

13. Шэмет Т. Я. Адхіленні ад моўных нормаў у складаназалежных сказах ускладненай будовы // Сучасны стан і дынаміка норм беларускай літаратурнай мовы: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, 24−25 кастрычніка, 2006., г. Мінск, — 2006, — С. 17 — 18.

14. Шэмет Т. Я. З гісторыі вывучэння складаназалежных сказаў ускладненай будовы // Сучасныя праблемы беларускага мовазнаўства: Матэрыялы навуковай канферэнцыі. — Мн., 2005, — С. 156 — 160.

15. Шэмет Т. Я. Парадак размяшчэння галоўнага і даданага сказаў у складаназалежных сказах ускладненай будовы з паслядоўным падпарадкаваннем // Бел. лінгвістыка. Вып. 55. — Мн., 2005, — С. 74 — 78.

16. Шэмет Т. Я. Структура складаназалежных сказаў ускладненай будовы з сузалежным неаднародным падпарадкаваннем // Граматычны лад беларускай мовы. Шляхі гістарычнага развіцця і сучасныя тэндэнцыі: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. 29−30 кастрычніка 2007 г. // навук. рэдактар А. А. Лукашанец. — Мн, 2007, — С. 231 — 237.

17. Юргелевіч П. Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментырыямі. Мн, — Вышэйшая школа, — 1974. — 304 с.

18. Яўневіч М.С., Сцяцко П. У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. Мн.: Вышэйшая школа, 1969, — 280 с.

ПоказатьСвернуть
Заполнить форму текущей работой